2017-05-25 11:54:00

Святы Пасад прымае ўдзел у Сусветнай асамблеі аховы здароўя


Здароўе з’яўляецца не таварам, а ўніверсальным правам, якое павінна быць захавана, – гэта галоўная думка выступлення арцыбіскупа Івана Юркавіча, кіраўніка дэлегацыі Святога Пасаду на 70-й Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая праходзіць у Жэневе. “У дадатак да моцнай і надзейнай інфраструктуры, сістэма аховы здароўя павінна прызначыць чалавечай асобе і яе фізічным, эмацыйным і духоўным патрэбам цэнтральнае месца ў медыцынскай дапамозе, якая павінна аказвацца ў поўнай павазе да святасці чалавечага жыцця ва ўсіх яго фазах і да годнасці кожнага чалавека”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Важна, калі дзяржава ўдзельнічае ў планаванні, інвестыцыях і ажыццяўленні мер па садзейнічанні развіццю якаснай інфраструктуры і стварэнні ўстойлівых сістэм аховы здароўя, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат. Ён дадаў, аднак, што яшчэ больш важна, каб цэнтральныя органы ўлады факусіраваліся не толькі на сістэме, якая падлягае іх непасрэднаму каардынаванню, і не толькі на кіраванні дзяржаўнымі ўстановамі, але мелі комплексны падыход, які ахоплівае ўсе асноўныя зацікаўленыя бакі, асабліва рэлігійныя арганізацыі, чый уклад у медыцынскія паслугі мае важнае значэнне. Гэтыя арганізацыі, на думку Святога Пасаду, нясуць значную адказнасць за сістэму здароўя і таму павінны быць уключаны ў распрацоўку палітыкі ў медыцынскай сферы.

У юбілейнай Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая працягнецца да 31 мая 2017 г., бяруць удзел каля 3,5 тыс. дэлегатаў з 194 дзяржаў-членаў Сусветнай арганізацыі здароўя, у тым ліку значная колькасць міністраў аховы здароўя з усяго свету. Яны абмяркоўваюць шляхі ажыццяўлення парадку дня на перыяд да 2030 г., надаючы асаблівую ўвагу пабудове больш дасканалых сістэм у інтарэсах здароўя. Святы Пасад мае пры Сусветнай арганізацыі здароўя статус наглядальніка.








All the contents on this site are copyrighted ©.