2017-05-25 13:09:00

Кардынал-прэфект: прагрэс мае свае цёмныя бакі


Прагрэс мае свае цёмныя бакі і непрымальныя кошты, калі малая частка насельніцтва спажывае набольшую частку рэсурсаў, падкрэсліў 24 мая 2017 г. кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, на экуменічным форуме ў Рыме, прысвечаным 500-годдзю Рэфармацыі Лютэра.

Іерарх нагадаў, што папа Францішак запрасіў усіх быць захавальнікамі навакольнага асяроддзя і абаронцамі бедных. Зямля павінна быць абаронена, чалавецтва і бедныя павінны мець годнасць, перафразаваў ён словы Пантыфіка. Кардынал-прэфект прывёў дадзеныя ФАО, паводле якіх штогод каля адной траціны вырабленага харчавання губляецца або марнуецца, і зноў узгадаў Папу, які называе такога роду рэчы прыкметамі “глабалізацыі абыякавасці”. Для многіх людзей, гэта не тэма для абмеркавання, а рэальнасць, у якой, на жаль, яны жывуць. 

“Мы павінны развіваць і падтрымліваць Зямлю, якая, у сваю чаргу, сілкуе і падтрымлівае жыццё чалавека”, - сказаў ён. Іерарх заклікаў да “экалагічнай справядлівасці”, паколькі багацці планеты не прызначаны выключна для некаторых – яны належаць усім. Рэсурсы Зямлі – гэта дар для кожнага, агульная спадчына чалавецтва, і таму экалагічны крызіс з’яўляецца крызісам глабальным, лічыць кардынал. “Мы атрымалі зямлю, як сад, гора нам, калі мы пакінем яе пустыняй”, - сказаў ён. 

Нічога не атрымаецца без змены сэрца і палітычных правіл. Без гэтай этычнай базы чалавецтву не хопіць смеласці прапанаваць лепшую палітыку, падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі. Індывідуалізм не дазволіць рэалізаваць устойлівага развіцця, з ім ніколі не будзе справядлівасці і адказнасці. “Грамадзяне багатых краін маюць асаблівы абавязак дапамагаць сваім братам у змякчэнні наступстваў змены клімату”, - лічыць кардынал.

Касцёл не з’яўляецца экспертам у галіне навукі і тэхнікі, але ён шмат разумее ў тым, што тычыцца чалавецтва, чытае знакі часу ў ключавыя моманты гісторыі. І калі папа Францішак заяўляе, што свет стаіць перад катастрофай, не робiць гэтага, каб спалохаць; ён проста інтэрпрэтуе знакі часу, падсумаваў свае словы прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.