2017-05-24 15:10:00

Папа прызначыў новага старшыню італьянскага епіскапату


24 мая 2017 г. папа Францішак прызначыў новым старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі арцыбіскупа Перуджы, кардынала Гуалцьера Басэці. Пурпурат быў у складзе трох кандыдытаў на гэту пасаду, выбраных у ходзе галасавання італьянскага епіскапату, якое прайшло напярэдадні ў ватыканскай Зале Сінодаў. Ён набраў большую колькасць галасоў.

У адрозненні ад іншых краін свету, старшыню Канферэнцыі Біскупаў Італіі прызначае сам Папа, будучы Прымасам Італіі. У 2014 г. у статут епіскапату гэтай краіны былі ўнесены папраўкі, згодна з якімі іерархі маюць магчымасць выбраць і прадставіць Святому Айцу трох кандыдытаў, з якіх ён прызначае аднаго.

Кардынал Гуалцьера Басэці нарадзіўся ў 1942 г. у Папаляна-дзі-Марадзі, у рэгіёне Таскана. У 1979-1990 гг. быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Фларэнцыі, а затым Генеральным вікарыем архідыяцэзіі. Біскупскую сакру атрымаў у 1994 г. У сваім служэнні звяртаў вялікую ўвагу на праблемы моладзі, сям’і, грамадскія і палітычныя пытанні. 

У 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго пастырам архідыяцэзіі Перуджа-Чыта-дэла-Пьевэ. З 2009 г. іерарх быў адным з двух віцэ-старшынь італьянскага епіскапату, а з 2012 г. узначальвае епіскапат рэгіёну Умбрыя. Кардынальскую  годнасць яму надаў папа Францішак. Гэта адбылося падчас кансісторыя, які адбыўся 22 лютага 2014 г. у Ватыкане.

Гуалцьера Басэці з’яўляецца першым арцыбіскупам Перуджы з 1853 г., які стаў кардыналам. Тады ў Калегію кардыналаў увайшоў Вінчэнца Джаакіна Печы, будучы папа Леў ХІІІ, які даў пачатак развіццю сацыяльнага вучэння Касцёла. Да кардынала Басэці Канферэнцыю Біскупаў Італіі на працягу дзесяці гадоў узначальваў арцыбіскуп Генуі, кардынал Анджэла Баньяска.








All the contents on this site are copyrighted ©.