2017-05-23 14:49:00

Францішак: Касцёл без мучанікаў не выклікае даверу


Мноства кансэкраваных асоб падвергліся пераследу, таму што асуджалі марнасць, падкрэсліў папа Францішак 23 мая 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён узгадаў пра другую гадавіну беатыфікацыі сальвадорскага арцыбіскупа Оскара Рамэра, забітага ў 1980 г. за сваю актыўную пазіцыю ў сферы абароны правоў бедных.

Калі Божы народ прабывае ў бестурботным стане і служыць марнасці, тады Пан пасылае прарокаў, якіх пераследуюць, бо яны парушаюць гэты спакой, заўважыў Папа. Паводле яго, на людзей, якія пачынаюць казаць праўду і асуджаюць марны лад жыцця, глядзяць скоса, не жадаюць іх прысутнасці. 

Менавіта гэта здарылася з арцыбіскупам Рамэра і многімі іншымі, у тым ліку і ў Еўропе. Так адбываецца, таму што нячысты дух аддае перавагу Касцёлу бестурботнаму, які не рызыкуе, Касцёлу “цёпламу”, у якім “вырашаюцца пытанні”, утульнаму, сказаў Францішак і заўважыў, што “нячысты дух заўсёды пранікае праз кішэні”. 

Папа заклікаў вернікаў не баяцца абвяшчаць Евангелле: трэба перайсці ад “цёплага” ладу жыцця, да радаснага абвячшэння Езуса Хрыста. “Касцёл без мучанікаў не выклікае даверу. Касцёлу, які не рызыкуе, не давяраюць. Касцёл, які баіцца абвяшчаць Езуса Хрыста і выганяць прэч злых духаў, ідалаў, іншага гаспадара, якім з’яўляюцца грошы, не з’яўляецца Касцёлам Езуса”, - падкрэсліў Францішак у сваёй гаміліі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.