У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку працягваецца абмеркаванне Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулярнай міграцыі. 22 мая 2017 г. у дыскусіі прыняў удзел афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Ён двойчы выступаў падчас спецыяльных сесій.
Іерарх нагадаў, што сёння колькасць мігрантаў, якія перасякаюць міжнародныя межы, знаходзіцца на самым высокім у гісторыі ўзроўні. Аднак, драматычна тое, што колькасць людзей, якія перамяшчаюцца ўнутры сваіх краін, яшчэ больш высокая.
Ватыканскі дыпламат заклікаў разглядаць міграцыю не толькі ў якасці негатыўнай з’явы: яна паказвае на імкненне многіх, пабудаваць лепшае жыццё для сябе і сваіх сем’яў. Менавіта таму патрэбна большая салідарнасць і ўзгодненая міжнародная аснова для глабальнага кіравання міграцыяй. Патрэбна змена адносін да мігрантаў і бежанцаў, з абарончага стаўлення і страху, абыякавасці і маргіналізацыі на культуру сустрэчы і больш творчыя формы салідарнасці.
Арцыбіскуп Ауса працытаваў папу Францішка, які звярнуў увагу на міграцыю, як на напамін аб тым, што стварэнне лепшага свету патрабуе ўзаемадапамогі паміж краінамі ў супрацьстаяні глабальнаму сацыяльна-эканамічнаму дысбалансу.
Глабальная дамова па міграцыі ўяўляе сабой унікальную магчымасць для распрацоўкі канкрэтнай і скаардынаванай палітыкі і інвестыцый для выкаранення галечы, забеспячэння ўсеагульнага доступу да медыцынскага абслугоўвання, якаснай адукацыі і годнай працы, лічыць ватыканскі бок.
Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што апрача права на эміграцыю, у кожнага ёсць права заставацца ў сваёй краіне ў эканамічнай бяспецы. Міграцыя не павiнна быць адчайнай неабходнасцю – гэта павінен быць выбар. І Глабальная дамова можа паспрыяць таму, каб міграцыя стала не толькі добраахвотнай, але больш бяспечнай, упарадкаванай і кіраванай з’явай.
Сёння ж, больш за палову бежанцаў у свеце былі вымушаны пакінуць свае дамы і маёмасць з-за канфліктаў і насілля. Яны сутыкаюцца з небяспекамі гандлю людзьмі, голаду і многіх форм злоўжыванняў. Па прыбыцці да месца прызначэння яны знаходзяць недавер, падазронасць, дыскрымінацыю, крайні нацыяналізм, расізм і адсутнасць выразных нормаў, якія рэгулююць іх прыняцце. Відавочна, што найбольш эфектыўны спосаб спыніць масавыя перамяшчэнні – спыніць войны і гвалтоўныя канфлікты. Акрамя таго, крайняя галеча, адсутнасць асноўных тавараў і паслуг, сур’ёзная дэградацыя навакольнага асяроддзя і стыхійныя бедствы з’яўляюцца таксама асноўнымі фактарамі міграцыі.
Гэта ўсё робіць прыняцце Глабальнай дамовы па міграцыі яшчэ больш актуальным пытаннем, падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.
All the contents on this site are copyrighted ©. |