Радасна наследаваць Хрыста, заклікаў папа Францішак законніц з кангрэгацыі Пабожных Вучаніц Боскага Настаўніка. Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане 22 мая 2017 г. з нагоды генеральнага капітула манаскай супольнасці.
Ён заклікаў законніц не далучацца да шэрагаў “прарокаў няшчасця”, якія наносяць шкоду Касцёлу і манаскаму жыццю, не паддавацца спакусе зморанасці і адчаю, на падабенства вучняў Хрыста ў Аліўным садзе. Важна быць “ахоўнікамі світанку, каб абвяшчаць надзею свету”, сказаў Папа.
Ён пажадаў, каб капітул кангрэгацыі прынёс шматлікія плёны, і ў першую чаргу, паспрыяў адзінству супольнасці. Пантыфік заклікаў законніц быць уважлівымі да голасу Папа, Які прамаўляе праз знакі часу, адкрыць думкі і сэрца, каб выйсці насустрач праўдзе. Гэтаму пасадзейнічае праніклівасць, якая дапамагае бачыць, што паходзіць ад Святога Духа, а што супярэчыць Яму, падкрэсліў Францішак.
Паводле Папы, законніцы пакліканы быць сведкамі радасці, якая нараджаецца ад сустрэчы з Хрыстом. Сапраўдная радасць з’яўляецца самым пераканаўчым сведчаннем поўнага жыцця, бо яна выпраменьвае шчасце і прыгажосць жыцця Евангеллем і наследавання Хрыста, дадаў ён.
Кангрэгацыя Пабожных Вучаніц Боскага Настаўніка была заснавана ў 1924 г. г. благаслаўлёным Джакама Альбероні. Яна дзейнічае ў 27 краінах свету і на сённяшні дзень налічвае каля 1400 законніц.
All the contents on this site are copyrighted ©. |