2017-05-22 15:12:00

Пантыфік: мова хрысціяніна – гэта лагоднасць і павага


Да лагодных і паважлівых адносін паміж хрысціянамі заклікаў Папа падчас наведвання парафііі св. Пьера Даміяні ў прыгарадзе Рыма – мястэчку Ачылія. Ён адправіўся туды з пастырскім візітам 21 мая 2017 г. вечарам.

У сваёй гаміліі падчас Эўхарыстыі Святы Айцец нагадаў, што Езус прасіў вучняў выконваць запаведзі і абяцаў, што спашле Святога Духа. “Майце на ўвазе, што ўнутры сябе вы носіце самаго Бога, Які суправаджае нас і кажа, што і як мы павінны рабіць, Таго, хто дапамагае нам не памыліцца, супраціўляцца спакусам, Таго, Які абараняе ад зла”, - звярнуўся да вернікаў Францішак.

Ён заўважыў, што мова хрысціян асаблівая – лагодная і глыбока паважлівая. Д’ябал ведае гэта і робіць усё, каб яна не была мовай пакоры і павагі. “Колькі людзей адышлі, напрыклад, з парафіі ці супольнасці з-за плётак, зайздрасці, кепскіх адносін”, - звярнуў увагу Пантыфік і назваў гэта самым распаўсюджаным грахом хрысціянскіх супольнасцяў.

Падчас свайго пастырскага візіту Францішак сустрэўся з моладдзю, хворымі, пажылымі людзьмі, сем’ямі, удзельнікамі касцёльных рухаў, асобамі, якія задзейнічаны ў душпастырстве і дабрачыннай дзейнасці, паспавядаў некалькі чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.