2017-05-20 13:38:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пра сітуацыю ў Венесуэле


Рашэннем сітуацыі ў Венесуэле могуць стаць выбары. Трэба даць народу магчымасць выказаць сваю волю, вярнуць яму суверэнітэт, дазволіўшы вызначыць сваю сучаснасць і будучыню, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Такім чынам кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пракаментаваў журналістам падзеі ў гэтай лацінаамерыканскай краіне.

Паводле яго, Апостальская Сталіца заклапочана трагічнай сітуацыяй у Венесуэле, “якая рызыкуе стаць яшчэ горшай”, і спадзяецца, што для яе вырашэння адкрыюцца новыя магчымасці. “Мы можам толькі спадзявацца, што гэта адбудзецца”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

На працягу некалькіх апошніх месяцаў у Венесуэле працягваюцца сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і паліцыяй, у якіх загінулі некалькі дзесяткаў чалавек. Сітуацыю абцяжарвае глыбокі эканамічны крызіс, дэфіцыт прадуктаў харчавання і медыцынскіх сродкаў. Святы Пасад і сам Папа неаднаразова заклікалі венесуэльскія ўлады і грамадства да мірных палітычных рашэнняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.