2017-05-20 12:13:00

Бэнэдыкт XVI: літургія Касцёла ў добрых руках


Мы павінны быць удзячныя Францішку за тое, што прэфектам Кангрэгацыі, адказнай за цэлебрацыю літургіі ў Касцёле, прызначыў кардынала Рабера Сара, майстра духоўнасці, унутранай цішыні і малітвы. У выніку, літургія знаходзіцца ў добрых руках, лічыць Бэнэдыкт XVI. Ён напісаў пасляслоўе да ангельскага выдання кнігі ватыканскага іерарха гвінейскага паходжання “The Power of Silence” (Сіла бязмоўя).

Папа на пенсіі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад чытання. Ён прызнаў, што кніга нагадвае яму пра хвалу, якую аддаваў маўчанню св. Ігнацый з Антыёхіі ў сваім лісце да Эфесцаў. Ён заўважыў, што маўчанне неабходнае для разумення Слова Божага. Ніякія гістарычныя веды, ці нават лепшыя каментары не змогуць замяніць цішыні. Такому стаўленню вучыў нас сам Езус, Які часта ішоў у зацішныя, бязлюдныя месцы на малітву. “Мы ведаем, што яго прамовы, яго словы цяклі з маўчання; толькі так яны маглі фарміравацца”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.

Ён дадаў, што менавіта такому маўчанню з Езусам вучыць нас кардынал Сара ў сваёй кнізе. Ён робіць гэта, дзелячыся сваім досведам, звяртае ўвагу на тое, што пагражае Касцёлу, калі яму не хапае цішыні, а Слова замяняецца словаблудствам. Ён спасылаецца на папярэджанне, што, як заўважае, павінна быць падставай для рахунку сумлення кожнага біскупа: “Здараецца, што добры, набожны святар, калі яго ўзводзяць у годнасць біскупа, хутка падае ў пасрэднасць і клапоціцца пра мірскі поспех. Раздушаны вагой абавязкаў, якія падаюць на яго, заклапочаны сваёй уладай, значнасцю і матэрыяльнымі патрэбамі сваёй пасады, паступова падае духам”, - напісаў Бэнэдыкт XVI, цытуючы кардынала Сара.

Папа на пенсіі падкрэслівае, што іерарх з’яўляецца духоўным настаўнікам, які кажа з глыбіні маўчання з Богам. І гэта, на яго думку, дазваляе яму займацца літургіяй Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.