2017-05-18 12:48:00

Францішак: хрысціянская місія – несці радасць людзям


Прабываць у Божай любові і несці радасць людзям, заклікаў папа Францішак вернікаў 18 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на словы Езуса з літургічнага евангельскага чытання: “Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас” (Ян 15,9).

Пантыфік заўважыў, што Хрыстус просіць вернікаў заставацца ў Яго любові і захоўваць Яго запаведзі. Гэтыя прыканазанні з’яўляюцца асновай, фундаментам, але трэба наследаваць “усё, чаму нас навучыў Езус, усе запаведзі штодзённага жыцця”, якія спалучае ў сабе хрысціянскі лад жыцця, падкрэсліў ён.

Папа нагадаў, што спіс Хрыстовых запаведзяў “вельмі шырокі”, але іх сутнасць – гэта “любоў Айца да Яго і любоў Яго да нас”. У той жа час, існуе мноства розных іншых тыпаў любові: напрыклад да грошай і ўлады. Яны не паходзяць ні ад Езуса, ні ад Айца, і аддаляюць ад любові Божай, заўважыў Святы Айцец. Ён падкрэсліў таксама, што сапраўднай не з’яўляецца і “палавінчатая” любоў.

“Мера любові – гэта любоў без меры”, - падкрэсліў Францішак і заклікаў вернікаў захоўваць запаведзі, заставацца ў любові Божай і ісці шляхам, якому вучыць Езус: мець адкрытае сэрца, любіць без меры, адкідваючы іншыя тыпы любові. 

Святы Айцец заўважыў, што прабыванне ў любові Бога нясе радасць. У сувязі з гэтым ён распавёў пра параду аднаго пажылога чалавека, якую той даў свайму сыну, што стаў біскупам: “Будзь паслухмяным і нясі радасць людзям”. На думку Папы ўсе хрысціяне – свецкія вернікі, кансэкраваныя асобы, святары і біскупы – павінны кіравацца бескарыслівай любоўю і распаўсюджваць радасць. “Наша хрысціянская місія – несці радасць людзям”, - падкрэсліў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.