2017-05-15 13:18:00

Францішак заклікаў вайсковых капеланаў быць сведкамі праўды


З 19 па 21 мая 2017 г. у марыйным санктуарыі ў Лурдзе ў Францыі будзе праходзіць 59-я Міжнародная пілігрымка каталіцкіх вайсковых капеланаў. 12 тыс. удзельнікаў з 40 краін свету правядуць некалькі дзён на малітве, разважаючы на тэму: “Адары нас супакоем”.

З гэтай нагоды, Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. У ім Папа падзякаваў усім тым, хто працуе для “аднаўлення або падтрымкі міру ва ўсім свеце”. “У гэтыя цяжкія часы - чытаем у тэксце, - важна памятаць, што мір з’яўляецца дарам, аб якім людзі ніколі не павінны спыняцца маліць Айца”, таму што “Бог заўсёды адказвае на гэтую малітву сваіх дзяцей” і “адказвае канкрэтна, знаходзячы творцаў міру, братэрства і салідарнасці”.

Пантыфік заклікаў вайсковых капеланаў наследаваць Хрыста, каб такім чынам перамагаць “зло і нянавісць”, быць “сапраўднымі сведкамі праўды”. Ён выказаў сваю блізкасць і падтрымку ўсім, хто служыць у арміі, “асабліва ў небяспечных умовах”, і даверыў іх абароне Маці Божай з Лурду.

Ініцыятыва Міжнародных пілігрымак каталіцкіх вайсковых капеланаў нарадзілася ў 1958 г., калі адзначалася 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Лурдзе. З ёй выступілі французскія і нямецкія вайсковыя душпастыры, з думкай аб неабходнасці прымірэння і паяднання пасля Другой сусветнай вайны.








All the contents on this site are copyrighted ©.