2017-05-12 12:31:00

Традыцыя не зменіцца – Папа паляціць самалётам “Alitalia”


Францішак адправіцца ў Партугалію самалётам “Alitalia”. Кіраўніцтва італьянскай авіякампаніі, якая змагаецца з сур’ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі, з самага пачатку запэўніла, што гэта не паўплывае на планы Папы, які, па традыцыі, у чарговы раз скарыстаецца яе паслугамі. У аэрапорце Пантыфіка, сярод іншых, будзе праводзіць адзін з трох упаўнаважаных дзяржаўных крызісных мэнэджэраў, якія займаюцца кіраваннем “Alitalia”.

Нядаўна кіраўніцтва “Alitalia” паведаміла італьянскія ўлады, што авіякампанія запусціла працэс пошуку адміністратара працэдуры банкруцтва. Урад Італіі выключыў магчымасць нацыяналізацыі, таму ў выніку працэдуры адміністравання, якая зойме шэсць месяцаў, будзе прынята рашэнне аб частковым або поўным продажы актываў “Alitalia” або аб яе ліквідацыі.

Традыцыя выкарыстання Пантыфікамі самалётаў італьянскіх авіяліній узыходзіць да 1964 г., калі папа Павел VI здзейсніў пілігрымку ў Святую Зямлю. 

У пятніцу, 12 мая 2017 г. італьянскі самалёт з Папам на борце стартуе з Рыма ўжо ў 165 раз. Гэта будзе “Airbus A321” пад назвай „Piazza della Signoria di Gubbio”. За штурвалам будуць знаходзіцца тры вопытных пілоты, кожны з якіх мае на сваім рахунку больш за 16 тыс. гадзін у паветры.








All the contents on this site are copyrighted ©.