2017-05-08 12:19:00

Францішак: не працівіцца Святому Духу


Пазбягаць граху супраціўлення Святому Духу і быць адкрытымі на Божыя сюрпрызы, заклікаў Францішак 8 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 11,1–18), у якім гаворка ідзе пра спрэчку паміж св. Пятром і першай хрысціянскай супольнасцю адносна патрэбы ў адкрытасці Касцёла на язычнікаў.

Святы Дух здзейсняе цуды, новыя рэчы і “канешне, некаторыя баяліся гэтых новаўвядзенняў у Касцёле”. Бог заўсёды здзіўляе, таму што жывы, Ён “стварае новыя рэчы штодзённа”, з той жа крэатыўнасцю, з якой стварыў сусвет, падкрэсліў Святы Айцец. 

Па словах Францішка, з гэтага могуць узнікаць праблемы, як у выпадку св. Пятра, якога дакаралі за тое, што хадзіў да язычнікаў і яны “прынялі слова Божае”. Для некаторых вучняў гэта было скандалам і перакрочваннем мяжы. Яны маглі казаць: “Ты Пётр, ты скала Касцёла! Куды ты нас вядзеш?”, заўважыў Пантыфік.

Прыняць мужнае рашэнне Пятра падштурхнула цудоўнае аб’яўленне, “знак Божы”, а ён аказаўся здольным прыняць “Божы сюрпрыз”, лічыць Папа. Перад абліччам шматлікіх неспадзевак Пана, “апосталы павінны сабірацца разам, дыскутаваць і прыйсці да рашэння”, каб зрабіць “крок наперад, якога Пан жадае”, дадаў ён.

“Заўсёды, з часоў прарокаў аж да сённяшняга дня, існуе грэх супраціўлення Святому Духу: супраціўлення Духу. Гэта грэх, у якім Стэфан абвінавачваў членаў Сінэдрыёну: “Вы заўсёды працівіліся Духу Святому; як айцы вашыя, так і вы” (Дз 7,51). Гэта супраціўленне Святому Духу, згодна з прынцыпам: “Заўсёды рабілася так і павінна рабіцца так”, - сказаў Папа і дадаў, што тут гаворка ідзе пра закрытасць на голас Божы, у той час як псальм кажа: “На голас Пана сэрц не закрывайце” (Пс 94,8).

Паводле Францішка, прывязанасць да прынцыпу: “Заўсёды так рабілася”, забівае: забівае свабоду, радасць, вернасць Святому Духу, які пастаянна вядзе Касцёл наперад.

Папа заклікаў маліцца аб дары праніклівасці, каб адрозніваць тое, што паходзіць ад Святога Духа ад таго, што паходзіць ад марнасці, духа гэтага свету, духа д’ябла. Трэба адрозніваць тое, як паступаць у кожным выпадку. “Вось так рабілі Апосталы: сабраліся разам, паразмаўлялі і ўбачылі, што гэта быў шлях Святога Духа. Але тыя, якія не мелі гэтага дару і не маліліся аб ім, засталіся закрытымі і нерухомымі”, - сказаў Францішак і дадаў, што “вера – не змяняецца ніколі", але пастаянна рушыць, расце і пашыраецца.

Напрыканцы сваёй гаміліі ён заклікаў вернікаў прасіць Бога аб ласцы праніклівасці, "каб не пераблытаць шлях і не паддацца нерухомасці, суровасці, сардэчнай закрытасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.