2017-05-08 14:50:00

Папа: вучыцца веры і любові ў пастушкоў з Фацімы


Маці Божая вучыць узрастаць у любові да Хрыста, нагадаў Францішак святарам з Папскага партугальскага калегіума (Pontificio Collegio Portoghese), якіх прыняў 8 мая 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане. Галоўнай тэмай прамовы Святога Айца стала пілігрымка ў Фаціму, якую ён здзейсніць праз некалькі дзён.

Візіт ў гэты партугальскі марыйны санктуарый, будзе прымеркаваны да 100-годдзя аб'яўленняў тут Найсвяцейшай Панны Марыі. Сведкамі гэтых цудоўных падзей былі тры мясцовыя пастушкі: Франсішку і Жасінта Марту, і Люсія Душ Сантуш.

“Сустрэча з Маці Божай стала для іх досведам ласкі, якая зрабіла іх закаханымі ў Езуса. Як пяшчотная і выдатная настаўніца, Марыя ўвяла маленькіх сведкаў аб’яўленняў у блізкае знаёмства з трынітарнай Любоўю і прывяла да пазнання Бога, як самай цудоўнай рэчаіснасці чалавечага існавання”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў святароў глядзець на пазнаванне і любоў да Хрыста, як на сваю першую і галоўную мэту. Важна імкнуцца заўсёды станавіцца падобнымі на Пана, аж да поўнага дарэння саміх сябе, падкрэсліў Святы Айцец. 

Папа адзначыў, што Марыя, гэта “Маці, якая бярэ нас за руку і вучыць узрастаць у Хрыстовай любові і братэрскай еднасці”. “Глядзіце на Яе і дазваляйце Ёй глядзець на вас, бо Яна – ваша Маці і моцна вас любіць. Дазваляйце Ёй глядзець на вас, каб навучыцца быць пакорнымі, а таксама больш мужнымі ў наследаванні Божага слова”, - сказаў Пантыфік.

На думку Святога Айца, адносіны з Маці Божай могуць дапамагчы святарам мець добрыя адносіны з Касцёлам. “Неабходна ўмацоўваць сыноўскія адносіны з Маці Божай, бо калі іх не будзе, у сэрцы з’явіцца адчуванне сіроцтва. Святару, які забывае пра Маці, асабліва ў моманты цяжкасцяў, чагосьці не хапае. Ён як бы сірата, але на самой справе не з’яўляецца такім!”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак разам з партугальскімі святарамі памаліўся да Маці Божай, каб навучыла верыць, адараваць, спадзявацца і любіць, як сведкі марыйных аб’яўленняў у Фаціме.

Папскі партугальскі калегіум быў заснаваны ў 1898 г. У ім пражываюць партугаламоўныя святары, якія вучацца ў Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.