2017-05-06 12:06:00

Папа да семінарыстаў: сябруйце з Езусам і дапамагайце бедным


Будучыя святары пакліканы вучыцца асабістаму сяброўству з Езусам, праніклівасці і пошуку Божага Валадарства, адзначыў Францішак 6 мая 2017 г. падчас аўдыенцыі для семінарыстаў і выхавацеляў Папскай міжрэгіянальнай духоўнай семінарыі рэгіёна Кампанія (Pontificio Seminario Campano Interregionale). Гэта структура з’яўляецца адзінай у Італіі, дзе будучыя дыяцэзіяльныя святары праходзяць падрыхтоўку згодна з прынцыпамі духоўнасці св. Ігнацыя Лаёлы. Кіраўніцтва семінарыяй ад самага пачатку яе стварэння, у 1912 г., было даручана Ордэну Езуітаў.

У сваёй прамове Францішак звярнуў увагу на тры аспекты. У першую чаргу ён адзначыў важнасць навучання семінарыстаў “асабістаму сяброўству з Панам Езусам”, якое дазваляе жыць моцнай, глыбокай духоўнасцю, не пазбаўленай уцелаўлення. Важна фарміраваць у іх крытычны позірк, у першую чаргу на саміх сябе, а таксама вучыць называць рэчы па імені, глядзець у твар праўдзе свайго жыцця "і адкрывацца ў празрыстасці на праўду іншых", асабліва выхавацеляў, "пазбягаючы спакусы фармалізма і клерыкалізма”. 

Другім аспектам, на які звярнуў увагу Святы Айцец, была праніклівасць. Каб стаць экспертамі ў “мастацтве праніклівасці”, на яго думку, трэба мець блізкія стасункі з Божым словам, а таксама ўзрастаць у пазнанні самаго сябе, уласнага ўнутранага свету, эмоцый і страхаў. “Праніклівасць – гэта выбар мужнасці, насуперак больш зручным і абмежаваным шляхам суровасці і паблажлівасці”, - сказаў Папа.

“Вучыць праніклівасці, насамрэч, азначае ўцякаць ад спакусы знаходжання прытулку ўнутры суровай нормы ці вобразу ідэалізаванай свабоды. Вучыць праніклівасці азначае “рызыкаваць”, выходзіць з свету ўласных перакананняў і забабонаў, каб адкрыцца на разуменне таго, як Бог да нас прамаўляе сёння, у гэтым свеце, у гэты час, у гэты момант”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вучыць семінарыстаў адкрывацца на вымярэнне Божага Валадарства, узрошчваць у сабе жаданне дарыць заўсёды больш Пану і братам, якія знаходзяцца побач. Шукаць Божага Валадарства, паводле Папы, значыць не задавальняцца дасягненнямі, “не сядзець” на ўласных поспехах, а ўмацоўваць “святы неспакой” у жаданні служыць Пану ў братах.

Шукаць Божага Валадарства значыць пазбягаць пасрэднасці і “неабходнага мінімума”, адкрывацца на вялікія мары Бога для нас, шукаць Божай справядлівасці і імкнуцца, каб “нашы адносіны, супольнасці, гарады перамяняліся міласэрнай любоўю і смакам Бога, які слухае вокліч бедных”, - дадаў Папа. 

На заканчэнне сваёй прамовы Францішак падкрэсліў, што “юнакі, якія вырашылі ісці за Панам па шляху святарства пакліканы ўмацоўваць сяброўства з Езусам, якое выяўляецца ў пераважнай любові да бедных”, а таксама быць “сведкамі беднасці, праз жыццёвую прастату і сціпласць, каб станавіцца шчырымі і пераканаўчымі ініцыятарамі сапраўднай сацыяльнай справядлівасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.