2017-05-05 15:01:00

Папа да будучых святароў: не згаджайцеся на пасрэднае жыццё


Захоўваць памяць і ўмацоўваць надзею, заклікаў Францішак 5 мая 2017 г. супольнасць Папскага Пабожнага Румынскага Калегіума (Pontificio Collegio Pio Romeno). Аўдыенцыя прайшла з нагоды 80-годдзя гэтай структуры, у якой праходзяць падрыхтоўку будучыя святары Румынскай грэка-каталіцкай Царквы. 

У сваёй прамове Папа нагадаў семінарыстам і выкладчыкам калегіума пра важнасць яго ўкладу ў адраджэнне рэлігійнага жыцця пасля трагічных падзей, звязаных з атэістычным пераследам, пра “гісторыю, пабудаваную на вялікіх сведках веры і хвілінах выпрабаванняў”.

“Умацаванне касцёльнай памяці, дапаможа вам перамагчы небяспечную спакусу, якая можа з’явіцца: прызвычайвання да пасрэднасці, задавальнення так званым “нармальным” жыццём, дзе ўсё робіцца без энтузіазму і запалу, задавальнення жыццём, у якім рана ці позна становішся выключна раўнівым выртавым уласнага часу, бяспекі і дабрабыту”, - падкрэсліў Францішак.

Ён заклікаў клерыкаў натхняцца прыкладам сваіх вялікіх сведкаў веры і імкнуцца да служэння, “распаленага Евангеллем, якое носіць моцны і чысты водар дару”. Папа заўважыў, што “пастыр, у сілу таго, што з’яўляецца вучнем, які наследуе Хрыста, аддаўшага сваё жыццё “аж да канца”, не можа пагадзіцца на пасрэднае жыццё ці прыстасоўвацца да сітуацый не рызукуючы нічым”.

Паводле Святога Айца, “захаванне памяці не з’яўлецца простым успамінам аб мінулым”, але фундаментам будучыні, а “калі не будзем захоўваць памяць, прыйдзем да павярхоўнасці клерыкалізма”. Ён пажадаў, каб калегіум станавіўся “трэніровачнай залай”, у якой можна практыкавацца ў ахвярным дарэнні жыцця.

Пантыфік таксама заўважыў, што душпастыры пакліканы быць людзьмі сапраўднай надзеі, якая нараджаецца з даверу да Уваскрослага Хрыста. “Існуе вялікая патрэба ва ўмацаванні хрысціянскай надзеі, якая дае новы позірк, здольны адкрываць і бачыць дабро, нават калі ўсё пакрыта злом”, - сказаў Папа. Паводле яго слоў, Касцёл павінен несці свету надзею, нават калі не мае сродкаў, калі сустракаецца з неразуменнем і крытыкай. 

У аўдыенцыі прынялі ўдзел таксама семінарысты з Егіпта, Ірака, Сірыі, Лівана і Палестыны, якія пражываюць у Папскім Пабожным Румынскім Калегіуме. Святы Айцец прызнаўся ім, што заўсёды памятае пра сітуацыю вернікаў на Блізкім Усходзе і шматлікіх сем’ях, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы ратуючыся ад насілля.








All the contents on this site are copyrighted ©.