2017-05-05 22:17:00

Ватыкан: прадстаўлены дэталі візіту Папы ў Фаціму


Папа здзейсніць сапраўдную пілігрымку ў Фаціму, падкрэсліў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк падчас прэс-канферэнцыі з нагоды маючага адбыцца 12-13 мая 2017 г. візіту Святога Айца ў партугальскі марыйны санктуарый. Ён будзе прымеркаваны да 100-годдзя аб'яўленняў тут Маці Божай і пройдзе пад дэвізам: "З Марыяй, пілігрым надзеі і міру".

Францішак прыбудзе ў Партугалію самалётам італьянскай авіякампаніі "Alitalia", 12 мая ў 16.30 па мясцовым часе. Пералёт з Рыма да ваеннага аэрадрома ў ваколіцах Фацімы, будзе працягвацца каля трох гадзін. Па прылёце адбудзецца цырымонія прывітання і прыватная сустрэча з Прэзідэнтам Партугаліі Марсэлу Рэбелу ды Созам. Пасля кароткай малітвы ў капліцы мясцовай вайсковай базы Папа на верталёце накіруецца ў санктуарый.

У першую чаргу ён наведае капліцу аб'яўленняў, дзе правядзе некаторы час на прыватнай малітве. Затым Пантыфік звернецца да вернікаў са сваёй першай з чатырох прамоваў. Каля 21.00 ён зноў прыбудзе ў капліцу, каб здзейсніць абрад благаслаўлення свечак, з якога пачнецца начное малітоўнае чуванне. У яго рамках Францішак узначаліць ружанцовую малітву, выступіць з прамовай і благаславіць вернікаў. Начную св. Імшу будзе цэлебраваць яго бліжэйшы супрацоўнік, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

13 мая, у 100-ю гадавіну першага з шасці аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме, Францішак спачатку сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Партугаліі Антоніу Коштам, а затым накіруецца ў фацімскі санктуарый, каб памаліцца каля магілаў сведкаў аб'яўленняў: Франсішку і Жасінты Марту. Тут яго сустрэне самы пажылы партугальскі святар, які мае 104 гады і з'яўляецца сучаснікам тых цудоўных падзей. 

У 10.00 Папа ўзначаліць кананізацыйную Імшу, падчас якой Франсішку і Жасінта будуць абвешчаны святымі. Адказваючы на пытанне аб беатыфікацыі трэцяй сведкі, с. Люсіі дэ Жэзус Розы Сантуш, кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што ў пытаннях беатыфікацыі і кананізацыі "Папа імкнецца быць вельмі строгім і прытрымлівацца нормаў".

Пасля літургіі, згодна з традыцыяй санктуарыя, адбудзецца благаслаўленне хворых, падчас якога Пантыфік звернецца са сваёй чацьвёртай і апошняй прамовай. Усе звароты Святога Айца прагучаць на партугальскай мове, адзначыў Грэг Бёрк, нагадаўшы, што падчас падарожжа ў Бразілію, Францішак ужо карыстаўся ёй у афіцыйных выступленнях.

У 12.30 прадугледжаны абед Пантыфіка з партугальскімі біскупамі, пасля якога ён накіруецца ў аэрапорт. Вылет з Фацімы запланаваны на 15.00. Чакаецца, што самалёт з Папам на борце прыбудзе ў рымскі аэрапорт "Ciampino" каля 19.00 па італьянскім часе.

Падчас падарожжа суправаджаць Францішка будуць, акрамя кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна і субстытута Святога Пасаду, арцыбіскупа Анджэла Бэчу, таксама партугальскія кардыналы: Хасэ Сараіва Марцінс і Мануэль Мантэйру дэ Каштру, адпаведна прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі на пенсіі і Вялікі Пэнітэнцыярый на пенсіі. Па традыцыі ў складзе папскай дэлегацыі будзе таксама адзін ватыканскі свецкі служачы. У гэты раз ім стане супрацоўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый.

Для Францішка пілігрымка ў Фаціму будзе 19-м замежным падарожжам. Ён стане чацьвёртым Пантыфікам, які накіруецца ў гэта месца. У 1967 г. яго наведваў Павел VI, у 1982 г., 1991 г., і 2000 г. – Ян Павел ІІ, а ў 2010 г. – Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.