2017-05-04 12:14:00

Папа да ватыканскіх СМІ: несці ўсім Евангелле міласэрнасці


Крытэрый рэформы ватыканскіх СМІ павінен быць апостальскім і місіянерскім, падкрэсліў папа Францішак, прымаючы на аўдыенцыі 4 мая 2017 г. удзельнікаў першай пленарнай сесіі Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы. Форум праходзіць 3-5 мая 2017 г. у Ватыкане. 

Святы Айцец заўважыў, што ён прысвечаны “вывучэнню крытэрыяў і новых магчымасцяў для перадачы Евангелля міласэрнасці ўсім людзям, у сэрца кожнай культуры, праз сродкі масавай інфармацыі, якія новы культурны лічбавы кантэкст дае ў распараджэнне нашых сучаснікаў”.

Паводле яго слоў, трываючая рэформа, гэта не проста “каардынацыя ці злучэнне існаваўшых да гэтага структур”, але стварэнне новай, выкліканае патрэбай у так званай “лічбавай канвергенцыі”. 

Гаворачы аб сітуацыі ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, Папа пажадаў, каб з моманту поўнай інтэграцыі ў структуру Сакратарыяту па камунікацыі, яна змагла “знайсці новыя і іншыя спосабы, каб дасягнуць большай колькасці чытачоў, чым можа з дапамогай друкаванага фармату”.

“Ватыканскае радыё, якое ўжо даўно стала сукупнасцю парталаў, павінна быць пераасэнсавана згодна з новымі мадэлямі і прыведзена ў адпаведнасць сучасным тэхналогіям і патрабаванням нашых сучаснікаў”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што радыёфанічнае служэнне будзе ўлічваць сітуацыю краін з слабымі тэхналагічнымі магчымасцямі, напрыклад афрыканскіх. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам будзе рацыяналізавана выкарыстанне кароткіх хваляў, “якія ніколі не былі адключаны”. 

Папа пажадаў, каб Ватыканскае выдавецтва, Ватыканская тыпаграфія і газета “L’Osservatore Romano” былі адкрытымі “на новы праект вытворчасці і размеркавання” сваёй інфармацыйнай прадукцыі.

“Прашу вас, каб крытэрый быў апостальскім, місіянерскім, з асаблівай увагай да сітуацый нястачы, беднасці, цяжкасці, ва ўсведамленні, што таксама і яны сёння павінны вырашацца праз належныя рашэнні. Так будзе магчыма несці Евангелле да ўсіх, ацаніць чалавечыя рэсурсы, не замяняючы сабой камунікацыю мясцовых Касцёлаў, і ў той жа час, падтрымліваючы касцёльныя супольнасці, якая маюць у гэтым найбольшую патрэбу”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў не паддавацца спакусе “прывязанасці да хвалебнага мінулага”, а правесці “вялікую камандную гульню, каб лепш адказаць на новыя камунікацыйныя выклікі, якія сучасная культура ставіць перад намі, без страху і без ўяўлення апакаліптычных сцэнарыяў”.

Сакратарыят па камунікацыі быў заснаваны 27 ліпеня 2016 г. папам Францішкам, каб дапамагчы “камунікацыйнай сістэме Святога Пасаду лепш рэагаваць на патрэбы місіі Касцёла”. Структура аб’яднала ў сябе ўсе ватыканскія СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.