2017-05-04 16:22:00

Пантыфік сустрэўся з былой нявольніцай ісламістаў


Пасля агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 3 мая 2017 г. папа Францішак сустрэўся з іракскай праваабаронцай язідскага паходжання і былой нявольніцай тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава”, Надзей Мурад Басэ Таха. Пасля вызвалення з рабства яна стала Паслом добрай волі ААН па пытаннях забеспячэння павагі годнасці ахвяр гандлю людзьмі.

Надзя Мурад была выкрадзена 3 жніўня 2014 г. тэрарыстамі са сваёй вёскі на поўначы Ірака і стала сведкай забойства сваіх шасці братоў і маці. Баевікі перавезлі яе і двух яе сясцёр у Масул, дзе яна падвяргалася шматлікім злоўжыванням. Пасля трох месяцаў насілля і прыніжэнняў яна здолела збегчы з палону.

24-гадовая язідка мужна выкрывае злачынствы супраць свайго народу і рашуча змагаецца за тое, каб “ніхто больш не цярпеў ад падобнага насілля, і каб ні да каго больш не адносіліся як да жывёлы”.

У 2016 г. разам з Ламіяй Аджы Башар, якая таксама знаходзілася ў няволі ў ісламістаў, Надзя Мурад стала лаўрэатам Прэміі “За свабоду думкі” Андрэя Сахарава.








All the contents on this site are copyrighted ©.