2017-05-03 13:55:00

Святы Пасад занепакоены сітуацыяй на Карэйскім паўвостраве


Апостальская Сталіца занепакоена сітуацыяй на Карэйскім паўвостраве і падтрымлівае ўсе намаганні міжнароднай супольнасці па распачацці перамоваў аб дэнуклеарызацыі і міры, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У якасці кіраўніка ватыканскай дэлегацыі кс. прэлат Януш Урбанчык прыняў удзел у працы першай сесіі Падрыхтоўчага камітэта Канферэнцыі 2020 г. аб пераглядзе Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Форум праходзіць 2-12 мая 2017 г. у Вене.

Ядзерная зброя стварае падманлівае пачуццё бяспекі, падкрэсліў дыпламат у сваёй прамове. Ён нагадаў, што ў 1971 г. Апостальская Сталіца далучылася да Дагавора, каб падтрымаць намаганні, накіраваныя на спрыянне “бяспецы, узаемнаму даверу і мірнаму супрацоўніцтву ў адносінах паміж народамі”. Таксама і сёння прысутнасць Святога Пасаду на сесіі Падрыхтоўчага камітэта абумоўлена жаданнем “працаваць на карысць свабоднага ад ядзернай зброі свету”.

Паводле прадстаўніка ватыканскай дыпламатыі, высілкі міжнароднай супольнасці па выкарыстанні Дагавору для будавання больш бяспечнага свету да гэтага часу былі недастатковымі. Святы Пасад заклікае да канкрэтных і ўзгодненых крокаў у напрамку “канчатковай мэты – забароны ядзерных узбраенняў”. Мір павінен прызнавацца ў якасці “актыўнай цноты”, якая патрабуе намаганняў кожнага чалавека і ўсяго грамадства, дадаў ён.

Кс. Урбанчык нагадаў словы Францішка пра тое, што “этыка братэрства і мірнага суіснавання паміж людзьмі не павінна грунтавацца на логіцы страху, насілля і закрыцця, але на адказнасці, ўзаемапавазе і шчырым дыялогу”. “Ядзернае стрымліванне і пагроза непазбежнага ўзаемнага знішчэння не могуць быць асновай такога роду этыкі”, - працытаваў ён словы Святога Айца.

Прадстаўнік ватыканскай дэлегацыі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца падтрымлівае намаганні і перамовы, накіраваныя на стварэнне юрыдычнага дакументу аб забароне ядзернай зброі і заклікае палітычныя ўлады не толькі гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам, але актыўна працаваць дзеля глабальнага пашырэння міру, у якім чалавецтва мае вялікую патрэбу.








All the contents on this site are copyrighted ©.