2017-04-30 11:13:00

Францішак пра карэйскі крызіс і адносіны з праваслаўнымі


Святы Айцец лічыць дыпламатыю і перамовы адзіным спосабам вырашэння канфліктаў. Аб гэтым ён заявіў 29 красавіка 2017 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся ў Рым з Каіра, дзе знаходзіўся з двухдзённым візітам.

Пантыфік назваў крайне абвостранай сітуацыю вакол Паўночнай Карэі. “Я заклікаю да перамоваў, таму што на кану стаіць будучыня чалавецтва: сёння вялікая вайна можа знішчыць яго значную частку, і гэта жудасна”, - сказаў Папа. Ён пажадаў, каб у вырашэнні канфліктаў ААН прымала больш актыўны ўдзел.

Францішак выказаў гатоўнасць сустрэцца з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ён заўважыў, што пакуль не быў паінфармаваў аб існаванні адмысловага запыту з амерыканскага боку, але дадаў, што прымае ўсіх кіраўнікоў дзяржаў, якія пытаюцца ад аўдыенцыі.

Папа распавёў, што заўсёды меў добрыя адносіны з праваслаўнымі. Будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса ён прымаў удзел у праваслаўных набажэнствах, святочных вячэрах з нагоды Божага Нараджэння. “Праваслаўныя таксама, калі мелі патрэбу ў якой-небудзь прававой дапамозе, прыходзілі ў каталіцкую курыю. Нашыя Цэрквы – сёстры”, - сказаў ён.

Францішак распавёў, што яго звязвае моцнае сяброўства з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ. “Ён мае вялікі апостальскі запал і адзін з найбольш “апантанных” ідэяй вызначэння адзінай даты Пасхі. Я таксама”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што мае добрыя адносіны з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам. Ён высока ацаніў выступленні Расіі ў абарону хрысціян на Блізкім Усходзе. “Я думаю, што важна казаць супраць пераследу. Сёння больш мучанікаў, чым у мінулым”, - дадаў Папа.

Пантыфік лічыць, што для развіцця экуменізму хрысціяне пакліканы не толькі дыскутаваць над тэалагічнымі пытаннямі, але галоўным чынам разам маліцца і рабіць дабро.








All the contents on this site are copyrighted ©.