2017-04-29 09:37:00

Святы Айцец: праца – фундаментальная патрэба чалавека


Праца – гэта не толькі права, але “прыроджаная здольнасць” і “фундаментальная патрэба” чалавека, падкрэсліў Францішак у лісце да прафесара Маргарэт Арчэр, старшыні Папскай акадэміі сацыяльных навук. Ён прымеркаваў свой зварот да пленарнай сесіі гэтай структуры, якая з 28 красавіка па 2 мая 2017 г. праходзіць у Ватыкане на тэму: “У накірунку грамадства ўдзелу: новыя шляхі для сацыяльнай і культурнай інтэграцыі”. 

Папа прызнаўся, што гэта пытанне з’яўляецца яму вельмі блізкім. Сёння неабходна пашырыць традыцыйнае паняцце справядлівасці, якое “не можа зводзіцца толькі да моманту размеркавання багаццяў, але павінна сягаць таксама і да моманту вытворчасці”. Вось чаму толькі братэрства можа быць “рэгулюючым прынцыпам эканамічнага парадку”, падкрэсліў ён.

Францішак заклікаў “выправіць памылку сучаснай культуры”, якая прымусіла паверыць, што дэмакратычнае грамадства можа развівацца захоўваючы разлучанымі прынцыпы эфектыўнасці і салідарнасці. “Ключавым словам, якое сёння лепш за іншыя выяўляе патрэбу ў пераадоленні гэтай дыхатаміі з’яўляецца братэрства”, евангельскае слова, якое стала часткай дэвізу Французскай рэвалюцыі, а затым было пакінута, лічыць Папа.

Паводле яго, братэрства дазваляе людзям, якія з’яўляюцца роўнымі па сваёй прыродзе, годнасці, свабодзей і фундаментальных правах, удзельнічаць у супольным дабры, згодна са сваімі здольнасцямі, жыццёвымі планамі, пакліканнем, сферай працы ці харызматам служэння. “Ад самага пачатку майго пантыфікату я хацеў указаць на тое, што “у браце знаходзіцца пастаянны працяг Уцелаўлення для кожнага з нас”, - падкрэсліў у сваім пасланні Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.