2017-04-29 15:49:00

Папа да егіпецкага духавенства: не ўцякайце ад крыжа


Кансэкраваныя асобы "маленькага каталіцкага статку ў Егіпце, разам з нашымі братамі праваслаўнымі, з’яўляюцца закваскай, якую Бог падрыхтаваў для гэтай благаслаўлёнай зямлі, каб узрастала на ёй Яго Валадарства”, падкрэсліў папа Францішак 29 красавіка 2017 г. падчас сустрэчы з егіпецкім духавенствам.

“Не бойцеся штодзённага цяжару, цяжару складаных умоваў, праз якія некаторыя з вас павінны прайсці. Мы ўшаноўваем Найсвяцейшы Крыж, прыладу і знак нашага збаўлення. Хто ўцякае ад крыжа, той уцякае ад уваскрашэння!”, - нагадаў Пантыфік.

Папа назваў каталіцкае духавенства Егіпта “добрай сілай”, “святлом і соллю гэтага грамадства”, “лакаматывам”, які цягне ў напрамку мэты ўвесь цягнік, “сейбітамі надзеі, будаўнікамі мастоў і працаўнікамі дыялогу і згоды”.

Ён заклікаў святароў і законнікаў не паддавацца спакусам пазбягання лідэрскай ролі, пастаяннага наракання і абвінавачвання іншых, пляткарства і зайздрасці, параўноўнання сябе з іншымі, спасусы “фараонcтва”, якая заключаецца ў адчуванні сябе вышэй за іншых, індывідуалізма, пілігрымавання без компасу і мэты. 

“Чым больш мы ўкаранёныя ў Хрысце, тым больш жывыя і плённыя”, - сказаў Папа і дадаў, што ад якасці духоўнага жыцця кансэкраваных асобаў залежыць якасць іх пасвячэння. Ён заклікаў чэрпаць натхненне з прыкладу шматлікіх пустэльнікаў, якія менавіта на тэрыторыі Егіпта далі пачатак манаскаму жыццю. “Так і вы зможаце быць святлом і соллю, прычынай збаўлення для саміх сябе і ўсіх іншых, веруючых і няверуючых, і асабліва для апошніх, патрабуючых, пакінутых і адчужаных”, - сказаў папа Францішак. 

Сустрэча з егіпецкім духавенствам стала апошняй у праграме візіту Святога Айца ў гэту паўночнаафрыканскую краіну. Пасля яе Папа накіраваўся ў аэрапорт, адкуль вылеціць у напрамку Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.