2017-04-26 13:13:00

Францішак выступіў на TED-канферэнцыі


Францішак прыняў удзел у сусветнавядомай TED-канферэнцыі, што праходзіць у канадскім Ванкуверы. 26 красавіка 2017 г. 18-хвілінны відэа-ролік з яго выступленнем у “Vancouver Convention Centre” глядзела каля 2 тыс. удзельнікаў форума, сярод якіх былі кіраўнікі найбуйнейшых тэхналагічных кампаній у свеце.

Папа прызнаўся, што яму падабаецца тэма канферэнцыі: “The Future You” (Будучы ты), таму што яна, гаворачы пра заўтрашні дзень, ужо сёння запрашае да дыялогу, прапануе пераасэнсаваць “сябе”, гледзячы пры гэтым у будучыню. Прычым, гэта будучыня складаецца з адносін чалавека з чалавекам. “Жыццё не проста праходзіць – яно праходзіць ва ўзаемадзеянні”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік прызнаўся: “Сустракаючы і слухаючы гісторыі пакутуючых хворых, мігрантаў, якія сутыкаюцца з неверагоднымі цяжкасцямі ў пошуку лепшай будучыні, вязняў, якія нясуць у сваім сэрцы пякельны боль, беспрацоўных, у асаблівасці маладых, я часта пытаюся ў сябе: “Чаму яны, а не я?”. Ён нагадаў, што таксама нарадзіўся у сям’і эмігрантаў, і таксама “мог бы апынуцца сярод “непатрэбных” сёння людзей.

“Мне б хацелася, каб гэтая сустрэча, перш за ўсё, нагадала б нам, што ўсе мы маем патрэбу адно ў адным, што кожны з нас – гэта не востраў, не існуе сам па сабе, як ні ад каго не залежны “я”, і што будучыню можна пабудаваць толькі разам, без выключэння нікога”, - прызнаўся Францішак і заклікаў адмовіцца ад азлобленасці ў адносінах да іншых. Гэтыя ўспышкі канфліктаў трэба гасіць у сваім сэрцы, інакш яны ператворацца ў пажар, які пакіне там толькі папялішча, сказаў ён слухачам TED-канферэнцыі.

Сёння па розных прычынах многія перасталі верыць у магчымасць шчаслівай будучыні. На думку Пантыфіка, гэта адбываецца па прычыне ўсё большай няроўнасці ў свеце. “Як было б выдатна, калі б росту інавацый у навуцы і тэхналогіях адпавядала б усё большая сацыяльная роўнасць і інклюзіўнасць. Як выдатна было б адкрываць новыя далёкія планеты, не забываючыся пры гэтым пра патрэбы субратоў, якія знаходзяцца побач. Як выдатна было б, калі б братэрства (...) не абмяжоўвалася працай сацыяльных служб, а стала б усеагульным клопатам”, - падзяліўся сваімі марамі Папа.
 
“Салідарнасць – гэта слова, якое многія з задавальненнем выкінулі б з слоўнікаў”, - адзначыў з жалем ватыканскі спікер і дадаў, што салідарнасць не працуе сама па сабе: яе нельга запраграмаваць, ёю немагчыма кіраваць – гэта водгук знутры, па волі сэрца, несці дабро людзям. І Францішак назваў тое неабходнае, што дазваляе гэта рабіць: памяць, мужнасць і творчасць. Нам не дастаткова добрых намераў і звыклых формул, трэба дапамагаць адно аднаму не забывацца, што патрабуючыя – гэта не проста статыстыка або лічбы. Тут Папа нагадаў прыпавесць пра Добрага Самараніна, якую назваў “аповедам пра сённяшняе чалавецтва”, параненае з-за таго, што для некаторых грошы і рэчы важнейшыя за людзей. Многія, якія лічаць сябе “прыстойнымі”, прывыклі не звяртаць увагі на іншых і пакідаць людзей і цэлыя народы “бездапаможна валяцца каля дарогі”. Але ёсць і іншыя, як Маці Тэрэза з Калькуты, якія любяць іншых коштам сябе. І, дзякуй Богу, ніякая сістэма не можа забараніць ісці насустрач дабру, спагадзе, быць здольнымі супраціўляцца злу, якое зыходзіць з глыбіні нашага сэрца.

Святы Айцец заўважыў, што хрысціянская надзея, гэта не аптымістычная наіўнасць. “Надзея – гэта цнота сэрца, што не замыкаецца ў цемры, не зацыкліваецца на мінулым, не жыве марнасцю цяперашняга, а смела глядзіць у заўтрашні дзень. Надзея – гэта дзверы, адчыненыя ў будучыню”, - сказаў Францішак і звярнуўся да сваіх слухачоў: “Для існавання надзеі дастаткова аднаго чалавека, і гэтым чалавекам можаш стаць ты”.

Завяршыў сваё выступленне Папа рэфлексіяй на тэму “рэвалюцыі пяшчоты”. Пяшчота, на яго думку, гэта шлях, абраны самымі смелымі і моцнымі людзьмі. Яна – не слабасць, а сіла. “Чым больш у цябе ўлады, чым больш ўплыву твае дзеянні аказваюць на людзей, тым больш пакорны павінен быць ты сам. Інакш твая ўлада загубіць цябе, і ты загубіш астатніх”, - заўважыў Папа.

“Будучыня чалавецтва знаходзіцца не толькі ў руках палітыкаў, вялікіх лідэраў і ўплывовых карпарацый. Так, на іх ляжыць велізарная адказнасць. Але будучыня знаходзіцца, у першую чаргу, у руках людзей, якія ўспрымаюць іншага як “ты”, а саміх сябе далучаюць да “мы”. Мы патрэбныя адзін аднаму”, - завяршыў сваё выступленне TED-канферэнцыі Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.