2017-04-25 12:35:00

Пантыфік скіраваў відэа-зварот да егіпецкага народа


“As-salamu alaykum!” – Мір вам! Гэтымі словамі па-арабску распачаў свой відэа-зварот да егіпецкага народа Пантыфік. Ён быў скіраваны 25 красавіка 2017 г. перад Апостальскім падарожжам у Каір, што распачнецца ў бліжэйшую пятніцу, 28 красавіка. 

“З сэрцам, поўным радасці і падзякі я неўзабаве наведаю вашу дарагую краіну, калыску цывілізацыі, дар Ніла, зямлю сонца і гасціннасці, зямлю, дзе жылі патрыярхі і прарокі, і дзе Бог, Добразычлівы і Міласэрны, Усемагутны і Адзіны, дазволіў пачуць свой голас”, - сказаў Папа.

Ён прызнаўся, што адчувае сябе “па-сапраўднаму шчаслівым”, паколькі накіроўваецца як сябар, як пасланнік міру і пілігрым ў краіну, якая больш за дзве тысячы гадоў таму дала прытулак і гасціннасць Святой Сям’і, што бегла ад пагрозы цара Ірада. “Я ганаруся тым, што еду ў краіну, якую наведала Святая сям’я!”, - падкрэсліў Пантыфік.

У сваім відэа Францішак падзякаваў усім, хто запрасіў яго: Прэзідэнту Егіпта, Патрыярху Копцкай Праваслаўнай Царквы, Вялікаму імаму “Аль-Азхар” і мясцоваму Копцка-каталіцкаму Патрыярху. Ён выказаў удзячнасць усім, хто “цяжка працаваў” над рэалізацыяй падарожжа.

Святы Айцец падзяліўся, што хоча прыехаць як сведка прыхільнасці, суцяшэння і падбадзёрвання для ўсіх хрысціян Блізкага Усходу, прынесці з сабой пасланне сяброўства і павагі да ўсіх жыхароў Егіпта і рэгіёну, а таксама пасланне братэрства і паяднання з усімі дзецьмі Абрагама, асабліва ў мусульманскім свеце. “Я таксама спадзяюся, што мой візіт унясе плённы ўклад у міжрэлігійны дыялог з паслядоўнікамі ісламу і ў экуменічны дыялог з шаноўнай і дарагой Копцкай Праваслаўнай Царквой”, - сказаў Папа.

Ён з жалем заўважыў, што сённяшні свет “раздзірае сляпое насілле”, у той час, як ён патрабуе “міру, любові і міласэрнасці”. Сёння патрэбны міратворцы, людзі свабодныя, якія ўмеюць прыняць урокі мінулага, каб пабудаваць будучыню, свабодную ад любой формы зла. “Наш свет мае патрэбу ў людзях, якія могуць будаваць масты міру, дыялогу, братэрства, справядлівасці і гуманнасці”, - завяршыў сваё відэа-пасланне да егіпцянаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.