2017-04-24 14:11:00

Папа адправіцца ў пілігрымку да магіл італьянскіх святароў


 

У аўторак, 20 чэрвеня 2017 г. Францішак адправіцца ў пілігрымку ў Бодзала, у італьянскай дыяцэзіі Крэмона, і ў Барбіяна, у Фларэнтыйскай архідыяцэзіі, каб памаліцца ля магіл кс. Прыма Мацалары і кс. Ларэнца Мілані. Візіт будзе насіць прыватны характар, паведаміла 24 красавіка 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Кс. Прыма Мацалары (1890-1959), вядомы як пробашч з Бодзала, лічыцца адной з самых яркіх асоб у італьянскім каталіцызме першай паловы ХХ стагоддзя. Яго думкі апярэдзілі некаторыя пастановы Другога Ватыканскага Сабору, у прыватнасці, у дачыненні да “Касцёла беднага”, рэлігійнай свабоды, плюралізму, дыялогу з тымі, хто далёка ад Касцёла. Ён быў моцным праціўнікам фашысцкай ідэалогіі і ўсіх форм несправядлівасці і насілля. Хаваў падчас вайны яўрэяў і антыфашыстаў.

Кс. Ларэнца Мілані (1923-1967) быў выбітным прадстаўніком сацыяльнага каталіцызму, энтузіястам адукацыі для бедных, бараніў права на супраціў сумлення. Святар быў таксама выбітным педагогам і публіцыстам.

Пантыфік прыбудзе ў Бодзала раніцай на верталёце. Ён памоліцца ля магілы кс. Мацалары і скіруе слова да вернікаў, якія збяруцца ў парафіяльным храме. Затым Францішак адправіцца ў Барбіяна, дзе наведае мясцовыя могілкі і памоліцца ля магілы кс. Мілані. Сёлета адзначаецца 50-я гадавіна з дня яго смерці. У мясцовым касцёле Папа сустрэнецца з вучнямі святара, а ў садзе ля плябаніі выступіць перад вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.