Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей
І атрымаў запрашэнне Вялікага імама ўніверсітэта “Аль-Азхар” Ахмеда аль-Таеба наведаць
Каір 28-29 красавіка 2017 г. У гэты самы час cюды прыбудзе з візітам папа Францішак.
Барталамей І быў запрошаны прыняць удзел у Міжнароднай канферэнцыі на тэму міра, падчас якой выступяць Францішак і Ахмед аль-Таеб. На заканчэнне пасхальнай літургіі 16 красавіка 2017 г. праваслаўны іерарх прызнаўся, што атрымаў таксама ліст ад Папы з падзякай за сяброўства і пажаданнем хуткай сустрэчы. “Нагода можа быць вельмі блізкай: я быў запрошаны ў каірскі універсітэт “Аль-Азхар”, дзе 28 красавіка змагу быць разам з Францішкам”, - сказаў прадстаяцель.
Адначасовая прысутнасць Папы і Праваслаўнага Патрыярха ў суніцкім універсітэце праз некалькі тыдняў пасля крывавых нападаў на копцкую супольнасць Егіпта можа стаць красамоўным знакам блізкасці паміж хрысціянамі розных канфесій і выразам жадання весці дыялог з мусульманамі, якія не прымаюць насілле ў імя рэлігіі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |