2017-04-19 11:04:00

Пантыфік: хрысціянства – пошук Богам чалавека


Хрысціянства грунтуецца на выйсці Бога да чалавека, на пошуку Богам нас, адзначыў папа Францішак 19 красавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён падкрэсліў, што ў аснове хрысціянства знаходзіцца вера ў падзеі, сведчанне пра якія далі апосталы. 

“Хрысціянства нараджаецца адсюль. Гэта не ідэалогія, не філасофская сістэма, але шлях веры, які пачынаецца ад падзеі, сведчанне аб якой далі першыя вучні Езуса. Павел абагульняе яе такім чынам: Езус памёр за нашыя грахі, быў пахаваны, на трэці дзень уваскрос і з’явіўся Пятру і Дванаццаці. Гэта факт. Ён памёр, быў пахаваны, уваскрос і з’явіўся. Гэта значыць, што Езус жывы! Вось цэнтр хрысціянскага паслання”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што сустрэча апостала Паўла з уваскрослым Хрыстом пад Дамаскам стала пераломным момантам у ягоным жыцці. Саўл, які меў ясныя погляды на жыццё і акрэсленую грамадскую пазіцыю, дазволіў захапіць сябе падзеяй, якая перавярнула яго жыццё. Ганіцель стаў апосталам, таму што ўбачыў уваскослага Хрыста. “Гэта фундамент веры Паўла, а таксама веры апосталаў, веры Касцёла і нашай веры”, - сказаў Святы Айцец.

“Як цудоўна думаць, што хрысціянства па-сутнасці з’яўляецца гэтым! Гэта не столькі наш пошук Бога – пошук, насамрэч, неакрэслены – колькі пошук Богам нас. Езус нас бярэ, захоплівае, здабывае, каб не адпускаць больш ніколі. Хрысціянства – гэта ласка, гэта здзіўленне, і таму патрабуе сэрца, здольнага здзіўляцца. Закрытае сэрца, рацыяналістычнае – няздольнае здзіўляцца, не можа зразумець, чым з’яўляецца хрысціянства, бо хрысціянства – гэта ласка, а ласка толькі пазнаецца. Больш за тое: яна сустракаецца ў здзіўленні сустрэчай”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што гледзячы на жыццё праз прызму пасхальнай таямніцы можна ўбачыць, як Бог “заўсёды спаўняе для нас, для ўсіх нас, нечаканую будучыню”. “Ёсць шчасце, радасць, жыццё, там, дзе ўсе думалі, што ёсць толькі сум, параза і цемра. Бог дазваляе прарасці сваім кветкам сярод самых сухіх камянёў”, - дадаў ён.

“Быць хрысціянінам азначае пачынаць не ад смерці, але ад любові Бога да нас. Ад любові Бога, які перамог нашага самага лютага ворага. Бог нашмат большы за ўсё і дастаткова толькі запаленай свечкі, каб перамагчы самую цёмную з начэй. Павел усклікае, паўтараючы за прарокамі: “Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?” (1 Кар 15,55). У гэтыя пасхальныя дні, будзем насіць гэты вокліч у сэрцы. І калі нас спытаюць аб прычынах усмешкі, якую дорым, і аб нашым цярплівым дзяленні, тады зможам расказаць, што Езус яшчэ тут, што Ён працягвае жыць пасярод нас”, - сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.