2017-04-12 15:21:00

Ватыканская дэлегацыя наведала Егіпет


Афіцыйная дэлегацыя Апостальскай Сталіцы здзейсніла візіт у Каір, каб запэўніць жыхароў Егіпта ў духоўнай блізкасці Францішка і Бэнэдыкта XVI пасля нядзельных тэрарыстычных актаў, накіраваных супраць мясцовых хрысціян, у выніку якіх загінулі 47 чалавек. 

Пілігрымка адбылася 12 красавіка 2017 г. Прадстаўнікоў Святога Пасаду прыняў Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ. Адзін з тэрактаў адбыўся перад царквой св. Марка ў Александрыі, у той час калі ён цэлебраваў там літургію Пальмовай нядзелі.

У склад афіцыйнай ватыканскай дэлегацыі ўваходзілі: кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, арцыбіскуп Бруна Музаро, Апостальскі нунцый у Егіпце, а таксама егіпецкі святар, кс. Іааніс Лагджы Гаід, асабісты сакратар Францішка.

Нядзельныя напады на копцкія цэрквы ў Каіры і Александрыі не паўплываюць на планы Папы, які наведае Егіпет у канцы месяца, 28-29 красавіка 2017 г. У гэтым запэўніў некалькі дзён таму субстытут Святога Пасаду, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della Sera”, а затым і сам Пантыфік, падчас сустрэчы з настаяцелямі францішканскіх Ордэнаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.