2017-04-11 14:53:00

Папа сустрэўся з настаяцелямі ўсіх францішканскіх Ордэнаў


Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі настаяцеляў чатырох францішканскіх супольнасцяў: Ордэна Меншых Братоў, Ордэна Меншых Братоў Канвентуальных, Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў і Францішканскага Ордэна Свецкіх. Сустрэча прайшла 10 красавіка 2017 г. у Ватыкане і працягвалася каля 35 хвілін.

Падчас яе размова ішла, у прыватнасці, пра сітуацыю на Блізкім Усходзе. Пантыфіку паказалі відэаролік з сірыйскага Алепа, падрыхтаваны законнікамі. Ён запэўніў у малітве за ахвяр нядаўніх тэрактаў у Егіпце і пацвердзіў свой намер здзейсніць у канцы месяца падарожжа ў гэту краіну.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, генеральны настаяцель Ордэну Меншых Братоў, айцец Майкл Пэры, заўважыў, што візіт Папы ў Егіпет пройдзе за некалькі гадоў да 800-годдзя падарожжа ў гэту краіну нябеснага апекуна цяперашняга пантыфікату, св. Францішка Асізскага. Пілігрымку Святога Айца ён назваў важным крокам у дыялогу з ісламам. 

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася таксама пытанне еднасці паміж прадстаўнікамі ўсіх францішканскіх Ордэнаў. Папа ўважліва выслухаў сваіх гасцей адносна праектаў, якія рэалізуюцца ў гэтым напрамку. Законнікі прадставілі Святому Айцу просьбу аб магчымасці задзейнічання свецкіх вернікаў у кіраванні францішканскімі супольнасцямі на ўсіх узроўнях.








All the contents on this site are copyrighted ©.