2017-04-04 16:12:00

Францішак: чым ёсць для мяне крыж?


Крыж не можна насіць толькі як сімвал рэлігійнай прыналежнасці або аздобу, трэба глядзець на яго як на знак “Бога, Які стаў грахом” дзеля нашага збаўлення, звярнуў увагу Папа 4 красавіка 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

Звяртаючыся да сённяшняга Евангелля (Ян 8, 21-30), Святы Айцец адзначыў, што Езус тройчы папярэджваў фарысеяў, “памрэце ў граху вашым”, таму што яны мелі закрытае сэрца і не разумелі Божай таямніцы. Затым у дыялогу з імі, Езус сказаў: “Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад сябе”. Гэта была спасылка на падзеі ў пустыні, калі людзі страцілі цярпенне і наракалі на Майсея і на Бога і калі Пан, пасля спасланай кары, загадаў зрабіць меднага змея і змясціць яго на жэрдзі.

Францішак адзначыў, што змей з’яўляецца “сімвалам д’ябла”, “бацькі хлусні”, “бацькі граху, які выклікаў грахі чалавецтва”. Але Езус абяцае: “Калі я буду ўзняты, усе прыйдуць да мяне”. “Гэта таямніца Крыжа”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што медны змей вылечваў, будучы прыкметай граху спакушэння, выкліканага змеем, яго хітрасцю, стаў аб’явай крыжа Хрыстовага.

Святы Айцец нагадаў аб словах апостала язычнікаў, св. Паўла, які сказаў, што Езус стаў для нас грахом (2 Кар 5, 21), Ён узяў на сябе ўвесь бруд чалавецтва,  каб людзі, параненыя грахом, паглядзелі на Яго. А хто не прызнае ў гэтым узвышаным на крыжы Чалавеку “моцы Бога, Які стаў грахом, каб нас аздаравіць”, памрэ ў сваім граху.

“Збаўленне прыходзіць толькі ад крыжа, але таго крыжа, на якім вісіць Бог, што стаў целам. Няма збаўлення ў ідэях, не існуе ніякага збаўлення ў добрай волі, у жаданні быць добрым... няма. Адзінае збаўленне ў Хрысце укрыжаваным, таму што толькі Ён, як медны змей, мае значэнне, Ён быў у стане прыняць на сябе ўвесь яд граху, і гэтым нас ацаліў. Але што для нас крыж? Так, гэта знак хрысціян, з’яўляецца сімвалам хрысціян. І мы робім знак крыжа, хоць не заўсёды добра, таму што ў нас няма веры ў крыж. Бывае, што для некаторых людзей гэта прыкмета прыналежнасці: “Я нашу крыж, каб паказаць, што я хрысціянін”. Гэта добра, але гэта не толькі прыналежнасць, як да каманды, нейкай групы. Справа ў памяці пра Таго, Які для нас стаў грахом”, - патлумачыў Францішак. Ён дадаў, што ёсць тыя, хто носіць крыж проста як аздобу.

Пантыфік адзначыў, што сёння Касцёл прапануе дыялог з таямніцай крыжа, з Богам , Які стаў грахом з любові да нас. І кожны можа сказаць: “З любові да мяне”, - удакладніў Папа. Ён заклікаў задумацца пра тое, як мы нясём наш крыж – ці не як сувенір? Ці я разумею тое, што раблю, калі раблю знак крыжа? Як нашу крыж? Ці ён з’яўляецца толькі сімвалам прыналежнасці да рэлігійнай групы? Ці, можа, упрыгожваннем? (...) Ці навучыўся я прымаць яго на свае плечы, дзе баліць?”. Францішак запрасіў кожнага шчыра адказаць на гэтыя пытанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.