2017-04-03 16:04:00

Апублікавана праграма візіту Пантыфіка ў Егіпет


Сустрэча з з Прэзідэнтам Абдэлем Фаттах аль-Сісі, вялікім імамам універсітэта “Аль-Азхар” Ахмедам аль-Таебам і Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ, гэта асноўныя моманты візіту Папы ў Егіпет. 3 красавіка 2017 г. у Ватыкане была апублікавана афіцыйная праграма Апостальскага падарожжа, што пройдзе 28-29 красавіка 2017 г. і стане 18 замежнай пілігрымкай Францішка.

У пятніцу, 28 красавіка, самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Папам на борце вылеціць з аэрапорта “Fiumicino” у 10.45. Прыбыццё ў Каір запланавана на 14.00 па мясцовым часе. Візіт распачнецца з сустрэчы ў аэрапорце, пасля якой Пантыфік адправіцца ў прэзідэнцкі палац у Геліопаліс, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання і візіт ветлівасці да Прэзідэнта Егіпту.

Пасля гэтага Францішак паедзе на сустрэчу з вялікім імамам “Аль-Азхар”, пасля якой запланаваны выступленні двух рэлігійных лідэраў у рамках Міжнароднай мірнай канферэнцыі.

Вечарам адбудзецца сустрэча Пантыфіка з прадстаўнікамі ўлады, а завершыць праграму візіт ветлівасці да Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы.

У суботу, 29 красавіка, дзень Святога Айца распачнецца з Эўхарыстыі, пасля якой адбудзецца абед з каталіцкімі біскупамі Егіпта. У другой палове дня Францішак узначаліць набажэнства з удзелам святароў, законнікаў і семінарыстаў.

Пасля цырымоніі развітання ў аэрапорце Каіра самалёт з Папам і суправаджаючымі яго асобамі на борце адправіцца ў Рым, дзе ў 20.30 будуць чакаць яго прыбыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.