2017-04-02 17:08:00

Пантыфік з візітам у разбураны землятрусам горад


Пантыфік сустрэўся 2 красавіка 2017 г. у горадзе Мірандола з ахвярамі землятрусу пяцігадовай даўнасці. Сустрэча прайшла ў рамках яго візіту ў італьянскую дыяцэзію Карпі. 

“У гэтым вашым горадзе, які ўсё яшчэ мае бачныя прыкметы сур’ёзнага выпрабавання, я хачу абняць вас і людзей з іншых раёнаў, пацярпелых ад землятрусу ў маі 2012 г.”, - сказаў на пачатку Святы Айцец. Ён прызнаўся, што прыехаў, каб засведчыць прыхільнасць усяго Касцёла і сваю асабістую блізкасць і падтрымку для кожнага.

Францішак заўважыў, што землятрус паўплываў на культурную спадчыну гэтай часткі італьянскай зямлі. Але, перш за ўсё, ён нанёс унутраныя раны праз пакуты тых, хто страціў сваіх блізкіх. Папа падзякаваў мясцовым жыхарам за тую годнасць і евангельскі дух, з якімі яны прынялі бедства, адчуваючы таямнічую прысутнасць Бога, Які ніколі не адварочваецца ад чалавека, таксама ў самых цяжкіх выпрабаваннях. Святы Айцец пажадаў ніколі не губляць сілу духа і надзею ў абліччы цяжкасцяў, якія ўсё яшчэ застаюцца. 

Пантыфік указаў на важнасць аднаўлення сакральных пабудоў, якія з’яўляюцца месцамі гістарычнай памяці і важнымі цэнтрамі грамадскага і касцёльнага жыцця. Сустрэча прайшла перад мясцовай катэдрай, таксама пацярпелай ад землятрусу. Францішак назваў храм “сімвалам веры і традыцыі”. 

Ён заклікаў вернікаў да гарачыя малітвы за ахвяр землятрусу, за іх сем’і і тых, хто па-ранейшаму жыве ў небяспечных сітуацыях. Напярэдадні Вялікадня, Пантыфік пажадаў падтрымкі Хрыста ў аднаўленні рэгіёну, моцнай надзеі і духоўнай сілы.








All the contents on this site are copyrighted ©.