2017-03-31 13:03:00

Ватыкан: форум у 50-ю гадавіну “Populorum Progressio”


З нагоды 50-й гадавіны энцыклікі “Populorum Progressio” ў Ватыкане 3-4 красавіка 2017 г. пройдзе міжнародная канферэнцыя, арганізаваная Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яе мэта: паглыбленне тэалагічнага, антрапалагічнага і душпастырскага аспектаў папскага дакументу. Да ўдзелу запрошаны супрацоўнікі ватыканскіх структур, прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый, асабліва кіраўнікі і члены камісій “Iustitia et Pax”, міжнародных каталіцкіх дабрачынных арганізацый і дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Форум пад назвай “Перспектывы для цэласнага развіцця чалавека: 50 гадоў Populorum Progressio” адкрые кардынал Пітэр Тарксан, прэфект новай ватыканскай Дыкастэрыі. На ім выступіць кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, які распавядзе пра тры фундаментальныя сувязі, звязаныя з чалавечай асобай: цела-душа, мужчына-жанчына, чалавек-грамадства. Эўхарыстыю для ўдзельнікаў узначаліць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. 4 красавіка запланавана сустрэча з папам Францішкам.

“Populorum Progressio” стала пятай у шэрагу сацыяльных энцыклік, дзе першай стаіць, выдадзеная ў 1891 г. Львом ХІІІ, “Rerum novarum”. У дакуменце “аб садзейнічанні развіццю народаў”, які выйшаў з-пад пяра Паўла VI у 1967 г., “на лаве падсудных” ужо не сацыялізм і камунізм, як было ў дакументах яго папярэднікаў, але лібералізм, капіталізм і каланіялізм. Пантыфік падверг жорсткай крытыцы свабодную канкурэнцыю, але не ў яе сутнасці, а з выразным акцэнтам на планаванне і дзяржаўнае ўмяшанне. Павел VI таксама звярнуў увагу на вострую неабходнасць цэласнага развіцця, якое ахоплівае ўсе сферы чалавечага жыцця, а не толькі эканамічную. Развіццё называецца тут новым імем міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.