2017-03-25 10:15:00

Пантыфік у Мілане: першы візіт – на гарадскую перыферыю


Пастырскі візіт у Мілан – які праходзіць 25 сакавіка 2017 г. – Францішак пачаў з сустрэчы з жыхарамі шматпавярховікаў ва ўсходняй частцы гораду. Ён накіраваўся сюды з аэрапорту, куды прыляцеў на самалёце з Рыма.

“Я уваходжу ў Мілан як святар”, - падкрэсліў Папа ў кароткім прывітанні, прымаючыў у дар стулу – элемент літургічнага аддзення ў выглядзе доўгай вузкай стужкі, якую святар ускладае на шыю пад арнат для цэлебрацыі св. Імшы, альбо без арнату для здзяйснення іншых сакрамэнтаў ці літургічных паслугаў. 

“Гэтую стулу вы не набылі ўжо гатовай, а зрабілі тут. Яна была выткана некаторымі з вас, рукамі. Гэта робіць яе асабліва каштоўнай і нагадвае, што хрысціянскі святар выбраны з народу і служыць народу. Маё святарства, як і святарства вашага пробашча і іншых святароў, якія тут працуюць – гэта дар Хрыста, але “вытканы” вамі, вашымі людзьмі, вашай верай, вашымі цяжкасцямі, вашымі слязамі...”, - сказаў Святы Айцец.

Іншым падарункам мясцовых жыхароў стала выява Найвясцейшай Панны Марыі. Папа адзначыў вялікі сімвалізм таго факту, што Маці Божая сустракае яго ўжо на ўскраіне горада. Ён падкрэсліў, што Касцёл не павінен заставацца ў цэнтры, чакаючы пакуль людзі прыйдуць да яго, а сам ісці на перыферыі, каб несці ўсім Хрыста і Яго любоў.

Спасылаючыся на тое, што падараваная яму ікона была нядаўна адрэстаўравана, Папа заўважыў, што Касцёл таксама павінен пастаянна “рэстаўравацца”, бо складаецца з грэшнікаў. У гэтым кантэксце, ён заклікаў усіх выкарыстаць Вялікі пост у якасці нагоды, каб прыступіць да сакрамэнту споведзі і ачысціць свае сэрцы.

Францішак сустрэўся з некаторымі мясцовымі сем'ямі, прадстаўнікамі цыган, мігрантамі і лідэрамі мусульманскай супольнасці, а затым накіраваўся ў міланскі архікатэдральны касцёл на сустрэчу з духавенствам архідыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.