2017-03-24 15:23:00

Старшыня Еўрапарламента: без каштоўнасцей Еўропы не існуе


З’яднаная Еўропа жыццёва неабходная для абароны свабоды, дэмакратыі і міру, адзначыў Старшыня Еўрапарламента Антоніа Таяні ў інтэрв'ю Ватыканскаму радыё, якое даў 24 сакавіка 2017 г. за некалькі гадзін да запланаванай у Ватыкане сустрэчы Святога Айца з лідэрамі еўрапейскіх дзяржаў. Яны прыбылі ў італьянскую сталіцу з нагоды святкавання 25 сакавіка 2017 г. 60-годдзя падпісання Рымскіх пагадненняў.

Беспрацоўе сярод маладога насельніцтва, тэрарызм і міграцыя – вось галоўныя выклікі, на якія Еўрасаюз павінен даць тэрміновыя адказы, упэўнены новы Старшыня Еўрапарламента. “Тэрарызм не ведае межаў, таму і антытэрарыстычныя аперацыі не павінны мець перашкод, звязаных з межамі”, - перакананы палітык. Таму, на яго думку, трэба ўзмацняць згуртаванасць, пашыраць супрацоўніцтва паміж паліцэйскімі структурамі, судовымі органамі і спецслужбамі. Галоўную мэту свайго прэзідэнцтва Антонія Таяні бачыць ў спрыянні адзінству Еўропы, каб яна была сапраўды “Еўропай народаў”.

Ён выказаўся за працяг дыялогу з Вялікабрытаніяй, нягледзячы на рашэнне краіны выйсці з ЕС. Ён прызнаў, што так званы “Brexit” “не з’яўляецца пазітыўным вынікам для Еўропы” і дадаў, што “цяпер трэба быць прагматычнымі: весці перамовы з брытанцамі і абараняць інтарэсы жыхароў”. “Мы павінны працаваць, каб будучыя адносіны паміж Еўрасаюзам і Вялікабрытаніяй былі станоўчымі. Вялікабрытанія выходзіць з Еўрапейскага саюза, але не пакідае Еўропы”, - дадаў палітык.

Палітык падкрэсліў неабходнасць нанова адкрыць каштоўнасці, якімі была натхнёная сама ідэя стварэння Еўрапейскага саюзу: “Мы павінны падарыць сваім дзецям магчымасць і жаданне верыць у іншую будучыню. Без каштоўнасцей, без ідэнтычнасці Еўропы не існуе. І калі хочам супрацьстаяць з большай мужнасцю вялікім выклікам сённяшняга дня, мы павінны верыць у нашую стракатую і з’яднаную ідэнтычнасць”.

Сёння, на думку Антоніа Таяні, адчуваецца неабходнасць наблізіць грамадзян да палітычных інстытутаў, скараціць дыстанцыю, якая існуе паміж Брусэлем і жыхарамі, размаўляючы з імі, тлумачачы тое, што адбываецца, даючы канкрэтныя адказы на іх запыты, імкнучыся вырашыць праблемы, з якімі не спраўляюцца асобныя краіны ці мясцовыя органы ўлады.

Старшыня Еўрапарламента пажадаў, “каб Еўропа працягвала свой шлях, выпраўляючы здзейсненыя памылкі, запаўняючы прабелы, якія існуюць, і працуючы ў інтарэсах грамадзян”. Менавіта гэта пасланне, як паведаміў Антоніа Таяні, еўрапейскія лідэры і хочуць пераказаць Пантыфіку.








All the contents on this site are copyrighted ©.