2017-03-21 15:52:00

Святы Айцец пра крывадушны крадзеж адпушчэння грахоў


Каб увайсці ў таямніцу прабачэння, патрэбныя малітва, пакаянне і сорам, лічыць Францішак. Ён узначаліў 21 сакавіка 2017 г. ранішнюю св. Імшу ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Пантыфік падкрэсліў важнасць усведамлення цуду міласэрнасці, які здзяйсняе ў нас Бог, для таго, каб сведчыць яго ў адносінах да іншых. Папа перасцярог ад крывадушнасці, якая вядзе да “выкрадання” адпушчэння грахоў падчас споведзі.

Гамілія Святога Айца была заснавана на евангельскім фрагменце (Мц 18,21-35), які змяшчае прыпавесць пра неміласэрнага слугу. Яна, на думку, Францішка, дазваляе нам увайсці ў вялікую таямніцу Божай міласэрнасці. Ён адзначыў, што першым крокам тут з’яўляецца ласка сораму з-за сваіх грахоў, якой мы не можам асягнуць самі. Супрацьлегласцю гэтаму з’яўляецца бязлітасны слуга з Евангелля, які, хоць атрымлівае прабачэнне вялікага доўгу, сам не ў сілах дараваць аднаму з сваіх таварышаў, што вінен быў яму няшмат. “Ён не разумеў таямніцы прабачэння”, - пракаментаваў Папа.

Святы Айцец з жалем заўважыў, што многія католікі прыходзяць да споведзі, каб зрабіць нібыта “банкаўскую аперацыю”, з “чыноўніцкім падыходам”. Яны не адчуваюць сораму за тое, што зрабілі, гавораць, што проста зрабілі памылку. Канфесіянал для іх – гэта свайго роду “пральня”. Ён адзначыў, што прабачэнне павінна прыйсці да нашага сумлення, таму што я магу дараваць толькі тады, калі сам адчуваю, што мае грахі дараваныя.

“Прабачэнне павінна быць поўным. Але можна гэта зрабіць толькі тады, калі я адчуваю свой грэх, калі мне сорамна, саромлюся і прашу ў Бога прабачэння. Адчуваю, што Айцец дараваў мне, і таму я магу дараваць іншым. Калі гэтага няма, не можна дараваць, мы не здольныя прабачыць. Такім чынам, прабачэнне – гэта таямніца”, - сказаў Францішак.

Папа, каментуючы стаўленне бязлітаснага слугі, заўважыў, што ў яго было пачуццё, што ўсё ўдалося, што яму сышло з рук, тым часам, ён не разумеў шчодрасці свайго гаспадара. Францішак адзначыў, што і ў нас можа ўзнікаць падобнае ўражанне, што ўсё атрымалася, і папярэдзіў, што гэта не прабачэнне, а толькі крывадушны крадзеж адпушчэння грахоў, фальшывае прабачэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.