2017-03-21 14:00:00

Відэапасланне Пантыфіка да моладзі свету


Папа Францішак 21 сакавіка 2017 г. скіраваў адмысловае відэапасланне да маладых людзей, запрашаючы іх прыняць удзел у святкаванні XXXII Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні. Ён будзе адзначацца ва ўсім свеце 9 красавіка, у Пальмовую нядзелю. 

Відэаролік стаў “дапаўненнем” да афіцыйнага Паслання, якое было апублікавана 21 сакавіка ў Ватыкане, і мае на мэце заахвоціць да больш шырокага яго распаўсюджвання. Францішак знаёміць маладых людзей з некаторымі пытаннямі, разгледжанымі ў дакуменце, і запрашае іх стаць на шлях духоўнай падрыхтоўкі да наступнага міжнароднага святкавання Сусветных дзён моладзі ў Панаме, у студзені 2019 г.

У самым пачатку свайго відэапаслання Францішак узгадвае Сусветныя дні ў Кракаве, якія прйшлі ў 2016 г. і сталі адпраўным пунктам да наступнага форуму ў Панаме. Ён прызнаўся, што і “моладзевая” тэма наступнага Сінода Біскупаў была абрана не выпадкова. Асамблея таксама ўпішыцца ва ўзгаданае “падарожжа”.

Суправаджае моладзь на гэтым шляху Маці Божая, нагадаў Папа, Яна натхняе кожнага сваёй верай, выяўленай у “Magnificat”. Марыя заўсёды ўмела дзякаваць Богу за вялікія справы ў Яе жыцці, не баялася прызнацца ў сваёй мізэрнасці. Яна не шукала камфорту і бяспекі, менавіта таму адправілася ў доўгі і цяжкі шлях на дапамогу Альжбеце. Яе штурхала вера, таму што менавіта яна ляжыць у аснове ўсёй гісторыі жыцця Маці Божай.

Бог кліча кожнага маладога чалавека з той любоўю, якую ён можа прапанаваць, нагадаў Пантыфік. Як і маладая жанчына з Назарэта, кожны можа палепшыць свет і пакінуць у свой след у яго гісторыі. “Касцёл і грамадства маюць патрэбу ў вас. З вашымі планамі і з вашай мужнасцю, з вашымі марамі і ідэаламі, падуць сцены інертнасці і адкрыюцца шляхі, якія прывядуць нас да лепшага, больш справядлівага, менш жорсткага і больш гуманнага свету”, - сказаў Францішак у відэа.

Ён заклікаў моладзь развіваць “сямейныя і сяброўскія” адносіны з Марыяй,  размаўляць з Ёй, “як з Маці”, разам з Ёй дзякаваць за каштоўны дар веры, атрыманы ад продкаў, давераць Ёй усё сваё жыццё. “Як добрая Маці, Яна слухае вас і абдымае вас, любіць вас і ідзе разам з вамі. Я запэўніваю вас, калі вы будзеце рабіць гэта, ніколі не пашкадуеце”, - сказаў Францішак у сваім відэапасланні да моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.