2017-03-19 11:09:00

Першая гадавіна акаўнта Папы ў “Іnstagram”


Папскаму профілю ў сацыяльнай сетцы “Instagram” споўніўся год. Сёння на яго падпісаны 3,6 млн чалавек. За апошнія дванаццаць месяцаў тут было размешчана 337 фотаздымкаў і відэаролікаў, якія адлюстроўваюць розныя моманты служэння Святога Айца і ўтрымліваюць кароткія каментары на шасці мовах. Кожны тыдзень іх праглядае каля 10 млн карыстальнікаў інтэрнэту.

Профіль @Franciscus пачаў дзейнічаць 19 сакавіца 2016 г. – ва ўрычыстасць св. Юзафа і ў трэццю гадавіну ўступлення Францішка на Пасад св. Пятра. Апублікаваць першы здымак яму дапамог сам сузаснавальнік сацыяльнай сеткі, амерыканскі праграміст і прадпрымальнік Кевін Сістром.

Пры гэтай падзеі прысутнічаў сакратар ватыканскага Сакратарыяту па камунікацыі кс. Лусіа Адрыян Руіс. Ён заўважыў, што Францішак адразу падтрымаў ідэю стварэння папскага акаўнта ў “Instagram”, спасылаючыся на тое, што Касцёл заўсёды карыстаўся выявамі, каб станавіцца бліжэй да людзей, і каб тлумачыць ім праўды веры. У якасці прыкладу Папа прыводзіў шматлікія цудоўныя касцёльныя роспісы.

Паводле святара, прысутнасць Касцёла ў сферы сучасных СМІ з’яўляецца вельмі важнай. Неабходна вучыцца мове “лічбавага кантынента”, каб праз інкультурацыю быць здольнымі несці евангельскае пасланне надзеі тым, хто жыве ў гэтай рэчаіснасці, лічыць сакратар Сакратарыяту па камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.