Велізарным выклікам, які патрабуе адпаведнага адказу, назваў гандаль людзьмі пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Бернардзіта Аўса прыняў ўдзел у адкрытых дэбатах, якія прайшлі 15 сакавіка 2017 г. у Савеце Бяспекі ААН на тэму “Гандаль людзьмі ва ўмовах канфліктаў: прымусовая праца, рабства і іншая аналагічная практыка”.
Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на сувязь, якая існуе паміж гандлем людзьмі і гандлем зброяй. Сёння ўзбраенні, нават цяжкія, з лёгкасцю трапляюць у рукі тэрарыстаў, што вядзе да зацягвання канфліктаў і, як наступства, да пашырэння феномену гандлю людзьмі, сказаў ён.
На думку іерарха, трэба зрабіць больш строгім заканадаўства і кантроль у сферы гандлю ўзбраеннямі. Савет Бяспекі, у сваю чаргу, пакліканы прадухіляць канфлікты і спрыяць іх завяршэнню, а таксама працаваць на карысць міру і развіцця.
Прадстаўнік Святога Пасаду скарыстаўся нагодай, каб нагадаць пра лёс хрысціянскай супольнасці і іншых рэлігійных меншасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі старажытнай Месапатаміі і якіх часта змушаюць да рабства, прадаюць, забіваюць, падвяргаюць рознага роду прыніжэнням.
Ён звярнуў увагу на “відавочную адсутнасць сур’ёзных намаганняў, накіраваных на здзяйсненне правасуддзя над адказнымі за выпадкі генацыду і парушэння правоў чалавека”. На думку арцыбіскупа Аўсы, усё гэта пакідае вялікую разгубленнасць і пытанне: колькі яшчэ зверстваў трэба выцерпець, каб іх ахвяры змаглі знайсці дапамогу, абарону і справядлівасць?
Дыпламат таксама нагадаў пра існаванне сувязі паміж гандлем людзьмі і такімі з’явамі, як крайняя беднасць, сацыяльнае адчужэнне, адсутнасць доступу да адукацыі і працы. Гандляры людзьмі, тэрарысты, узброеныя групы і сеткі транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці знаходзяць урадлівую глебу сярод уразлівых людзей, якія ўцякаюць ад эканамічнай нястачы, войнаў і прыродных катаклізмаў, сказаў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку.
All the contents on this site are copyrighted ©. |