2017-03-15 12:07:00

Папа: праца дазваляе з годнасцю глядзець у твар іншым


Святы Айцец лічыць, што пазбаўленне людзей працы дзеля эканамічнай выгады з’яўляецца цяжкім грахом. Аб гэтым Пантыфік заявіў 15 сакавіка 2017 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, каментуючы сітуацыю з працаўнікамі тэлевізійнай кампаніі “Sky Italia”, якім пагражае скарачэнне. Папа пажадаў, каб яна была вырашана як мага хутчэй з павагай да правоў усіх, асабліва сем’яў.

“Праца дае нам годнасць, і адказныя за народы, кіраўнікі, маюць абавязак рабіць усё неабходнае, каб кожны чалавек мог працаваць і трымаць галаву высока, з годнасцю глядзець у твар іншым. Той, хто дзеля эканамічных манёўраў, не зусім празрыстых перамоваў, закрывае фабрыкі, прадпрыемствы і пазбаўляе людзей працы, здзяйсняе цяжкі грэх”, - сказаў Папа.

Некалькі месяцаў таму кіраўніцтва “Sky Italia” абвясціла аб скарачэнні 200 працоўных месцаў у сваім рымскім аддзяленні і пераводзе 300 супрацоўнікаў у аддзяленне ў Мілане. Рашэнне выклікала пратэсты і забастоўкі працаўнікоў кампаніі.








All the contents on this site are copyrighted ©.