2017-03-14 15:27:00

Кардынал Дзяржсакратар пра пантыфікат Францішка


Касцёл усё больш пачаў разумець сябе, як супольнасць, якая крочыць і адкрываецца, у першую чаргу, на Бога, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю з нагоды чатырохгоддзя пантыфікату Францішка, якое адзначалася 13 сакавіка 2017 г.

“Менавіта таму, што Касцёл выходзіць да Езуса Хрыста, ён можа спадарожнічаць людзям, сустракацца з імі, быць побач з людзьмі ў іх штодзённым жыцці. Гэта мне здаецца вельмі важным і я лічу, што гэтым шляхам трэба ісці разам. Гэта і ёсць сінадальнасць. Касцёл у дарозе трэба ствараць разам, але пад кіраўніцтвам Святога Духа”, - сказаў пурпурат. 

Важнейшымі плёнамі мінулагодняга Юбілею Міласэрнасці бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў адкрыццё многімі хрысціянамі каштоўнасці сакрамэнту споведзі, а таксама прыцягненне ўвагі да сітуацыі беднасці і пакутаў. 

Каментуючы выданне Францішкам Апостальскай адгартацыі пра сям’ю “Amoris laetitia”, пурпурат адзначыў, што гэты дакумент даў, і працягвае даваць, велізарны імпульс душпастырству сем’яў. “Ён па-сапраўднаму дае плёны абнаўлення і суправаджэння ў сямейных сітуацыях, пазначаных слабасцю”, - сказаў іерарх. 

Кардынала Параліна не здзіўляе існаванне крытыкі гэтай адгартацыі, “бо крытыка ў Касцёла была заўсёды”. Аднак, ён нагадаў пажаданне Папы, каб крытыка была “шчырай, канструктыўнай і служыла таму, каб ісці наперад, каб разам знайсці спосаб для лепшага пазнання Божай волі і спаўнення яе ў жыцці”.

Гаворачы пра ініцыяваныя Францішкам змены ў Касцёле, пурпурат падкрэсліў, што “фундаментальным вымярэннем Касцёла з’яўляецца прабыванне ў стане рэформы, у стане “навяртання”, выкарыстоўваючы евангельскае разуменне”. 

“Папа нагадвае пастаянна пра тое, каб Касцёл больш і больш станавіўся самім сабой, быў больш аўтэнтычным, скінуў з сябе нагрувашчаную на працягу гісторыі шкарлупіну і па-сапраўднаму заззяў з евангельскай празрыстасцю. Я б сказаў, што гэта з’яўляецца сэнсам рэформы, і таму Папа настойвае на “рэформе сэрца”, - сказаў галоўны ватыканскі дыпламат і дадаў, што з сэрца павінна пачынацца кожная рэформа, у тым ліку структурная.








All the contents on this site are copyrighted ©.