2017-03-13 11:13:00

Чатыры гады пантыфікату Францішка


Папа адзначае 13 сакавіка 2017 г. чацвёртую гадавіну абрання на Пасад св. Пятра. Аргентынскі кардынал Хорхэ Марыа Берголіа стаў першым лацінаамерыканцам і першым езуітам, які стаў Біскупам Рыма і абраў імя Францішак.

Пантыфік лічыцца адным з самых папулярных пантыфікаў за апошнія дзесяцігоддзі. Яго назвалі чалавекам года па версіі амерыканскага часопіса “Time”, намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. Мільёны чалавек чытаюць яго старонку ў сетцы “Twitter”. Ён вядомы сваім сціплым ладам жыцця: ён адмовіўся жыць у папскіх апартаментах Апостальскага палаца, аддае перавагу простым аўтамабілям.

Франіцшак у сваім навучанні ўздымае тэмы міру і вайны, закранае сацыяльныя праблемы, выкліканыя працэсам глабалізацыі, крытыкуе “культуру адчужэння”, заклікае да справядлівасці. Усебаковы падыход да вострых пытанняў чалавецтва ён здолеў прадставіць у сваёй энцыкліцы “Laudato si'”. 

Свет глядзіць на Папу як на чалавека, які дапамагае знайсці арыенціры, паколькі ён прыкладае вялікія намаганні ў справе пашырэння ідэі міласэрнасці, якая павінна суправаджаць як ўчынкі, так і спосаб мыслення хрысціяніна. Менавіта таму быў абвешчаны Юбілейны Год Міласэрнасці.

Святы Айцец надае вялікае значэнне правядзенню рэформаў унутры Каталіцкага Касцёла, якія б дазволілі ўсім яго структурам эфектыўна выконваць сваю місію ў сучасным свеце. Ён праводзіць свой пантыфікат, дэманструючы сваю блізкасць і асаблівую спагаду да хворых і пакутуючых, даючы такім чынам кожнаму магчымасць адчуць блізкасць Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.