2017-03-13 13:34:00

Святы Айцец наведаў парафію на перыферыі Рыма


Сустрэчы і прамыя размовы з рознымі групамі і супольнасцямі, Эўхарыстыя былі ў праграме трохгадзіннага візіту папы Францішка ў парафію св. Магдалены з Каносы, на паўночным захадзе Рыма, на яго перыферыі. Ён адправіўся туды 12 сакавіка 2017 г. вечарам і распачаў свой візіт з сустрэчы з дзецьмі і падлеткамі на парафіяльнай спартыўнай пляцоўцы. Затым у парафіяльным тэатры Францішка чакалі бацькі нядаўна ахрышчаных дзяцей. Пасля завяршэння сустрэчы з імі Папа паразмаўляў з пажылымі і хворымі парафіянамі, а затым з асобамі, якія задзейнічаны ў душпастырстве. Звянчаннем пастырскага візіту стала Эўхарыстыя ў парафіяльным касцёле, перад якой Святы Айцец паспавядаў некалькі чалавек.

У пачатку свайго візіту Святы Айцец адказаў на пытанні групы дзяцей і падлеткаў і, сярод іншага, запрасіў іх прыняць удзел у “апостальстве вуха”: вучыцца слухаць іншых, даючы ім магчымасць праявіць сябе. Папа прызнаўся, што не любіць шматслоўя і плётак. А апошнія ёсць таксама і ў Ватыкане, і яны падобныя да “бомбы, кінутай тэрарыстамі”. Пляткарства нішчыць сям’ю, парафію, але перш за ўсё разбурае сэрца, - папярэдзіў ён.

Францішак падзякаваў катэхетам за іх працу, дадаўшы: “Чым быў бы Касцёл без вас? Вы стаўпы жыцця парафіі і дыяцэзіі”. Ён падкрэсліў важнасць дыялогу і слухання ў жыцці кожнага чалавека і грамадзтва ў цэлым, і заклікаў клапаціцца аб састарэлых і хворых, з якімі ён сустэўся асобна.

Пантыфік размаўляў таксама з бацькамі дзяцей, якія нядаўна атрымалі сакрамэнт хросту, а затым з манахінямі, што працуюць у парафіі, і групай асабліва актыўных парафіянаў. Перад св. Імшой, якая стала кульмінацыяй візіту, Святы Айцец паспавядаў некалькі чалавек.

У сваёй гаміліі падчас Эўхарыстыі, кажучы пра перамяненне Езуса, Папа адзначыў, што яно змяшчае падвойную спасылку на паняцце прыгажосці, і кожны раз у іншым кантэксце: у сам момант перамянення і потым падчас абвяшчэння пра ўваскрэсенне. Ён адзначыў, што ў першы раз аблічча Езуса ззяла прыгажосцю, у другі – на крыжы – гэта быў твар чалавека змучанага, акрываўленага, поўнага смутку. Пантыфік звярнуў увагу, што “мы прывыклі казаць пра грахі іншых”, замест гэтага мы павінны глядзець на свае ўласныя.

Ён заклікаў сузіраць гэтыя “два абліччы” Збаўцы, каб у іх знайсці мужнасць і надзею жыцця для сябе. “Няхай гэта дапамагае нам ісці па шляху жыцця, хрысціянскага жыцця. Няхай падштурхоўвае нас да посту дзеля прабачэння нашых грахоў, каб грашылі менш, і асабліва да даверу, бо, калі Ён стаў грахом, толькі таму, што узяў на сябе нашыя грахі. І Ён заўсёды гатовы дараваць нам, але мы павінны прасіць Яго аб гэтым”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Пасля св. Імшы, пробашч парафіі, айцец Джорджа Спінэла падзякаваў Францішку за візіт і папрасіў благаслаўлення не толькі для вернікаў, але і для ўсёй манаскай Кангрэгацыі сыноў Боскай любові, прадстаўнікі якой тут працуюць: святароў, семінарыстаў і законніц па ўсім свеце. Папа са свайго боку падзякаваў вернікам за шматлікі ўдзел у сустрэчы з ім.

Вытокі парафіі ўзыходзіць да канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. І звязаны яны з кананізацыяй Магдалены з Каносы, якую правёў 2 кастрычніка 1988 г. св. Ян Павел II. У сувязі з гэтым ён даручыў новую рымскую парафію духоўным сынам і дочкам новай святой. Той жа Папа 21 красавіка 1996 г. асабіста наведаў новую парафіяльную супольнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.