2017-03-11 12:28:00

Святы Айцец здзейсніць візіт у Калумбію


Восенню папа Францішак здзейсніць Апостальскі візіт у Калумбію па запрашэнні Прэзідэнта і епіскапату гэтай паўднёваамерыканскай краіны. Згодна з інфармацыяй Залы друку Святога Пасаду, падчас падарожжа, якое пройдзе з 6 па 11 верасня 2017 г., Пантыфік наведае Багату, Вілавічэнцыю, Медэльін і Картахену. Афіцыйная праграма паездкі будзе абвешчана ў бліжэйшы час.

Вестка стала прычынай для правядзення 10 сакавіка 2017 г. у Багаце прэс-канферэнцыі з удзелам лідэра краіны Хуана Мануэля Сантаса Кальдэрона, Апостальскага нунцыя ў Калумбіі, арцыбіскупа Эторэ Балестрэра, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Калумбіі Луіса Аўгуста Кастра Кірогі і арцыбіскупа Багаты, кардынала Рубэна Дарыя Саласара Гомеса.

Падчас яе былі прэзентаваны лагатып Апостальскага падарожжа Папы і яго дэвіз – “Зробім першы крок”. Маючы адбыцца візіт – гэта запрашэнне да ўсіх калумбійцаў зрабіць першы крок да пабудовы міру з дапамогай папы Францішка, “місіянера прымірэння”, гаворыцца ў прэс-рэлізе канферэнцыі.

Унёсак Святога Айца ва ўстанаўленне міру ў Калумбіі агульнапрызнаны. Грамадзянская вайна ў гэтай краіне распачалася ў 1964 г. і доўжылася больш за 50 гадоў. За гэты час загінулі 220 тыс. чалавек, 45 тыс. зніклі без вестак, 7 млн жыхароў апынуліся ў эвакуацыі, каля тысячы дзяцей былі завербаваныя ў салдаты. 

Першая спроба спыніць канфлікт адбылася толькі 26 верасня 2016 г., калі было падпісана гістарычнае мірнае пагадненне паміж калумбійскім урадам і баевікамі групоўкі “Farc”. Тым не менш, ужо 2 кастрычніка 2016 г., яно было адхілена па выніках праведзенага ў краіне рэферэдума. Новае пагадненне, якое гарантавала справядлівасць і падтрымку ахвярам канфлікту, было дасягнута ў лістападзе таго ж года. 

Ваеннае палажэнне, аднак, па-ранейшаму захоўвалася. Тады папа Францішак ініцыяваў сустрэчу ў Ватыкане Прэзідэнта Калумбіі Сантаса з яго галоўным праціўнікам, былым лідэрам краіны Альвара Урыбэ Велесам. Пасля перамоў 16 снежня 2016 г. варожыя бакі, нарэшце, распачалі працэс раззбраення.








All the contents on this site are copyrighted ©.