2017-03-11 14:27:00

Папа: уменне слухаць – найбольш простая праява міласэрнасці


У сучасным грамадстве неабходна пашыраць дыялог і культуру слухання, сказаў Папа Францішак 11 сакавіка 2017 г. валанцёрам італьянскай тэлефоннай службы псіхалагічнай падтрымкі "Telefono Amico Italia", якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане з нагоды 50-годдзя існавання гэтай некамерцыйнай структуры.

Па словах Святога Айца, дыялог дазваляе пазнаваць і разумець патрэбы адзін аднаго. “Дыялог – гэта праява міласэрнасці, бо, не зневажаючы існуючыя адрозненні, ён можа дапамагчы адшукаць і раздзяліць з іншым шляхі да агульнага дабра”. Дыялог, дадаў Пантыфік, вучыць глядзець на іншага не як на пагрозу, але як на дар Божы, варты прызнання. “Калі няма дыялогу, растуць праблемы, непаразуменні і падзелы”, - перасцярог Францішак.

Адной з умоў дыялогу з’яўляецца ўменне слухаць. Яно патрабуе цярплівасці і ўважлівасці. “Толькі той, хто ўмее маўчаць, умее слухаць”, - сказаў Папа. “Бог – вось найлепшы прыклад слухання”: кожны раз, калі молімся, Ён выслухоўвае нас, ні аб чым не пытаючыся, і з апярэджаннем адказвае на нашыя просьбы аб дапамозе, падкрэсліў Францішак.

На думку Святога Айца, “здольнасць слухаць спрыяе знішчэнню муроў непаразумення, будаванню масты камунікацыі, пераадольвання ізаляцыі і закрытасці ва ўласным маленькім свеце”.

“Заклікаю вас з абноўленым энтузіязмам працягваць сваё каштоўнае служэнне грамадству, каб ніхто не заставаўся самотным, каб не парываліся сувязі дыялогу і каб не паслаблялася ўменне слухаць – найбольш простая праява міласэрнасці ў адносінах да бліжніх”, - пажадаў на заканчэнне сустрэчы Францішак.

"Telefono Amico Italia" – гэта італьянская валанцёрская тэлефонная служба псіхалагічнай падтрымкі, заснаваная ў 1967 г. Сёння яна аб’ядноўвае каля 700 чалавек, якія працуюць ў 20 цэнтрах па ўсёй тэрыторыі краіны. Валанцёры службы аказваюць псіхалагічную дапамогу людзям, якія адчуваюць самоту або перажываюць дэпрэсію і імкнуцца вярнуць страчаную духоўную раўнавагу.








All the contents on this site are copyrighted ©.