2017-03-10 11:19:00

Папскі прапаведнік пра абранне тэмы велікапосных казанняў


У сучасных грамадствах, дзе СМІ вызначаюць спіс прыярытэтаў, заўсёды існуе спакуса аддаць перавагу “тэрміноваму” перад “важным” і супрацьпаставіць “нядаўняе” “вечнаму”, адзначыў прапаведнік Папскага дома ў інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano” напярэдадні першага велікапоснага казання для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Тэмай сёлетніх пяці медытацый, якія падрыхтаваў айцец Раньера Канталамеса, будуць словы апостала Паўла: “Ніхто не можа сказаць: “Панам ёсць Езус”, калі не будзе ў Духу Святым” (1 Кар 12,3).

Прапаведнік патлумачыў, што вырашыў прысвяціць свае казанні менавіта Святому Духу па дзвюх прычынах: каб звярнуць увагу на тое, што шырокае разуменне значэння Святога Духа ў жыцці і тэалогіі Касцёла з’яўляецца плёнам Другога Ватыканскага Сабора, і каб нагадаць, што сёлета адзначаецца 50-годдзе каталіцкага руху “Аднаўленне ў Святым Духу”, які аб’яднаў дзесяткі мільёнаў вернікаў па ўсім свеце. 

Паводле італьянскага капуцына, выбраная тэма з’яўляецца заўсёды важнай і актуальнай, калі пад актуальнасцю не разумець выключна нядаўнія падзеі, на якіх звычайна канцэнтруюць нашу ўвагу сродкі масавай інфармацыі. 

“Што можа быць больш важным і актуальным для верніка, і нават для кожнага чалавека, за тое, ці мае жыццё сэнс, ці не, ці смерць – гэта канец усяго, або наадварот – пачатак новага жыцця? Менавіта пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста, якую я хачу прачытаць у святле знаёмства са Святым Духам, з’яўляецца адзіным адказам на гэтыя пытанні”, - сказаў прапаведнік Папскага дома.

Велікапосныя казанні будуць гучаць у капліцы ватыканскага Апостальскага палацу па пятніцах на працягу ўсяго Вялікага посту.








All the contents on this site are copyrighted ©.