2017-03-08 16:06:00

Ватыканскі іерарх на тэму роўнасці ва ўзброеных сілах


Прадстаўнік Святога Пасаду ў АБСЕ выступіў 8 сакавіка 2017 г. з заявай на форуме па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі, падчас дыскусіі на тэму роўнасці ва ўзброеных сілах.

Апостальская Сталіца цалкам падтрымлівае палітычны, эканамічны, сацыяльны і культурны ўдзел жанчын нароўні з мужчынамі, падкрэсліў кс. Януш Урбанчык. Гэта ўключае ў сябе і службу жанчын ва ўзброеных сілах, адлюстроўваючы незаменны ўклад, які яны ўносяць у развіццё грамадства і міжнароднай супольнасці. У той жа час, ватыканскі дыпламат перасцярог ад абмежавання ролі жанчын у грамадстве да простай статыстыкі – лічбаў і працэнтаў. 

Гаворачы пра сапраўднае значэнне ролі жанчын, святар нагадаў, што папа Францішак назваў гэта “жаночым геніем”, які палягае на “маральнай і духоўнай сіле жанчыны”, яе адчувальнасці, здольнасці да разумення і дыялогу ва ўрэгуляванні вялікіх і малых канфліктаў, ва ўменні загойваць раны, у выхаваўчай ролі на кожным узроўні грамадства, ва ўвасабленні пяшчоты, якая нясе прымірэнне і адзінства.

Кс. Урбанчык агучыў пазіцыю Святога Пасаду, згодна з якой жынчыны павінны прымаць больш шырокі ўдзел у прадухіленні канфліктаў, у падтрыманні міру і бяспекі, а таксама постканфліктным мірабудаўніцтве. Менавіта такі падыход паспряе доўгатэрміновай мірнай перспектыве.








All the contents on this site are copyrighted ©.