2017-03-07 12:43:00

Рэкалекцыі з Пантыфікам: супольнае спажыванне ежы


Трэцяя медытацыя падчас вялікапосных рэкалекцый з удзелам Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі была прысвечана чалавечаму вымярэнню супольнага спажывання ежы; яна базавалася на евангельскім апавяданні пра Апошнюю вячэру (Мц 26,20-35). Разважанні прагучалі 7 сакавіка 2017 г. раніцай у духоўным цэнтры мястэчка Арыча. 

Рэкалекцыяніст, айцец Джуліа Мікеліні, нагадаў, што менавіта ежа стала сімвалам першага біблійнага непадпарадкавання Богу і першага смяротнага граху. Ён узгадаў і братазабойства, якое адбылося па прычыне рэўнасці Каіна да Абеля з-за яго “ахвяры з першынцаў статку свайго і з тлушчу іхняга” (Быц 4,4), а таксама нянавісць паміж братамі, Якавам і Ісавам, падставай якой стаў голад аднаго з іх (Быц 25, 34). Гэты спіс можна было б працягваць доўга, заўважыў святар.

Ужыванне ежы, у першую чаргу, з’яўляецца сведчаннем сапраўднай “антрапалагічнай слабасці”: гэта неабходнасць, прадыктаваная чалавечай натурай. Харчаванне – гэта атрымліванне жыцця “з па-за сябе”, а значыць, прызнанне сябе не самадастатковым, абмежаваным. Супольнае спажыванне ежы, гэта прызнанне гэтай абмежаванасці перад іншымі.

Айцец Мікеліні ўзгадаў Апошнюю вячэру, і заўважыў, што падчас яе Езус, даючы вучням спажываць сваё Цела і піць сваю Кроў, дае ўсяго сябе, поўнасцю, без астатку.

У Евангеллі св. Мацвея можна прачытаць, што кроў Хрыста будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў, і што імя Хрыста надасць фарму прабачэнню грахоў. Бо сам чалавек не можа загладзіць сваю віну або заплаціць уласную цану Богу, перш за ўсё, за свае памылкі і грахі. Толькі Бог сам можа зрабіць гэта.

Рэкалекцыяніст прапанаваў прысутным спытаць сябе пра асабістыя адносіны да ежы, пра самавалоданне, як у спосабе прыёму ежы, так і ў яе колькасці. Яшчэ адзін важны аспект у кантэксце Апошняй вячэры, гэта страчанае адзінства паміж хрысціянамі і нашы крокі ў накірунку яго аднаўлення. І, нарэшце, паводле айца Мікеліні, кожнаму варта паставіць пытанне аб разуменні велічы справы прабачэння грахоў, якую Хрыстус рэалізаваў не на словах, а праліваючы сваю кроў на Крыжы.








All the contents on this site are copyrighted ©.