2017-03-06 14:02:00

Святы Пасад: ахвярамі гандлю людзьмі сталі 40 млн чалавек


Ролі Святога Пасаду ў барацьбе з гандлем людзьмі прысвяціў сваё выступленне пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН падчас інаўгурацыі новай кафедры вывучэння глабалізацыі і міграцыі пры Фордэмскім універсітэце ў Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падкрэсліў, што феномен гандлю людзьмі па-сапраўднаму шакіруе сваім размахам: ахвярамі гэтай з’явы сталі каля 40 млн чалавек, і кожны год іх шэрагі папаўняюцца больш чым трыма мільёнамі чарговых рабоў. Амаль 80% ахвяраў складаюць жанчыны і дзеці. Сучасны гандль людзьмі – гэта індустрыя з прыбыткам у больш чым 32 млрд долараў у год, заўважыў ватыканскі дыпламат.

Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, глядзячы на вялізарныя навуковыя дасягненні можна падумаць, што рабства і гандль рабамі засталіся ў мінулым. Але калі сутыкаемся з рэальнасцю нас шакіруе, што гэта зло існуе дагэтуль, ва ўсіх сваіх сучасных формах, хоць і ў больш схаваным рэжыме ў параўнанні з мінулым. Гаворка ідзе пра з’яву, якая пастаянна расце і сілкуецца канфліктамі і крайняй галечай. “Гэта няшчасце не ведае межаў. Ніводная краіна не можа лічыць сябе непрыступнай”, - сказаў арцыбіскуп Ауса.

Гандль людзьмі звязаны з адмоўнымі наступствамі глабалізацыі і няспыннымі патокамі мігрантаў і бежанцаў. Ватыканскі дыпламат нагадаў аб драматычных лічбах, прыведзеных у ААН у 2015 г.: колькасць міжнародных мігрантаў у свеце перавысіла 250 млн чалавек. У параўнанні з 2000 г. яна вырасла на 40%. Акрамя таго, у 2015 г. больш за 65 млн чалавек былі вымушаны пакінуць свае родныя землі ў выніку пераследаў, ваенных канфліктаў і насілля. У гэтых лічбах адлюстроўваюцца пакуты мільёнаў самых безабаронных і ўразлівых людзей, часта звязаныя з сучаснымі формамі рабства, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што Каталіцкі Касцёл цвёрда прыхільны справе выкаранення гандлю людзьмі і ўносіць пасільную лепту праз свае структуры. Пантыфікі неаднаразова асуджалі і працягваюць асуджаць гэту ганебную з’яву. У прыватнасці папа Францішак сваімі словамі і дзеяннямі ясна паказаў, што гэта – адзін з прыярытэтаў ягонага пантыфікату, заўважыў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.